Ультыматум з закрыццём межаў ставіць Лукашэнку на калені
18- 19.03.2023, 10:42
- 38,678
Эксперты ацанілі наступствы спынення транзіту праз Беларусь.
Калектыўны ультыматум з боку ЕЗ і ЗША паставіць Лукашэнку на калені і вымусіць рэжым як мінімум вызваліць усіх палітвязняў.
Пра гэта днямі ў інтэрв'ю Charter97.org заявіў палітолаг Зміцер Балкунец:
– Гаворка ідзе пра перакрыццё чыгуначных пунктаў на мяжы ЕЗ і Беларусі. Адзіны зручны шлях дастаўкі грузаў з Кітая ў Еўропу ідзе праз Беларусь. Іншы пралягае праз Турцыю, але ён складаны з гледзішча лагістычных перавозак.
У выпадку, калі Лукашэнка атрымае калектыўны ультыматум ад еўрапейскіх краінаў і не выканае адзіную ўмову, якая можа быць выстаўленая, а гэта вызваленне ўсіх, падкрэсліваю, усіх без выключэння палітвязняў-закладнікаў, то мяжа павінна быць перакрытая.
Гэта прывядзе да таго, што будзе паралізаваны рух як мінімум па гэтай чыгунцы. Адзін такі цягнік – мінімум 50–60 вагонаў, 700 метраў у даўжыню. Вялікі затор утворыцца. У выніку будзе паралізаваная лагістыка на ўсім «Шаўковым шляху» з Кітая ў Еўропу.
Тут нават не кітайскі чыннік важны, а тое, што Лукашэнка будзе страчваць грошы. Размова ідзе пра каласальныя фінансавыя страты. Спыніцца практычна ўвесь экспарт Беларусі ў Кітай. У тэорыі ён можа складаваць кантэйнеры на тэрыторыі Беларусі, але рабіць гэта доўга не атрымаецца. Ёсць тавар, ёсць лагістычныя ланцужкі, маршруты і іншае. Усе гэтыя выдаткі будуць перакладзеныя на Лукашэнку, які дапусціў такога кшталту катастрофу.
Сваю тэзу палітолаг пацвердзіў у інтэрв'ю «Белсату», заявіўшы, што «ўльтыматум на адрас Лукашэнкі з закрыццём мяжы для таварных цягнікоў паставіць яго на калені і прымусіць вызваліць палітычных закладнікаў».
Пра пагрозу перакрыцця для Лукашэнкі кітайскага экспарту ў Еўропу гаворыць і экс-кіраўнік амбасады Беларусі Павал Мацукевіч.
«З пачаткам вялікай вайны ва Украіне пад пагрозу патрапіў асноўны чыгуначны маршрут дастаўкі грузаў з Кітая ў Еўропу, які ідзе праз Беларусь. Гарантый, што Берасце па-ранейшаму застанецца сухапутнай кітайскай брамай ў ЕЗ больш няма», – мяркуе эксперт.