Страляніна па спецназе КДБ у Гародні: высунутыя новыя версіі
19- 21.03.2023, 9:50
- 31,808
З месца гучных падзей паступае супярэчлівая інфармацыя.
Удзень 19 сакавіка ў Гародні былі чуваць выбухі і страляніна, з'яўлялася інфармацыя і пра затрыманні. Пазней КДБ паведаміў аб "ліквідацыі замежніка", які, паводле версіі сілавікоў, планаваў тэракт і супраціўляўся "з выкарыстаннем аўтаматычнай зброі і шляхам падрыву баявых гранат".
Увечары да дома старшыні Гарадзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка прыехала міліцыя і службы размінавання з сабакамі.
Жыхары Гародні паведамілі, што на выездзе з горада 19 сакавіка вайскоўцы з аўтаматамі сталі правяраць усе аўтамабілі. 20 і 21 сакавіка з'явілася інфармацыя аб узмоцненай праверцы КДБ кіроўцаў аўтамабіляў на мяжы Беларусі з Польшчай.
У прыёмнай Уладзіміра Караніка, УУС Гарадзенскага аблвыканкаму і мясцовым КДБ адмовіліся пракаментаваць падзеі.
Між тым журналісты беларускіх і замежных СМІ са спасылкай на свае крыніцы вылучаюць новыя версіі незвычайных падзей у Гародні.
З неправеранай інфармацыі “Нашай Нівы”, якую мы атрымалі з адной крыніцы, у Гародні «Альфа» забіла грамадзяніна адной з дзяржаў Еўразвязу.
Выданне таксама звяртае ўвагу на тое, што адразу пасля інцыдэнту Лукашэнка выклікаў да сябе сына Віктара.
"Калі ён на наступны дзень выклікаў да сябе сына, які з'яўляецца кіраўніком міжведамаснага Савета спецыяльных падраздзяленняў, то гэта, як на мяне, сведчыць аб ягоным жаданні атрымаць аб'ектыўную інфармацыю і ацэнку дзеянняў альфаўцаў не толькі са слоў Церцеля", - сказаў адзін з суразмоўцаў “Нашай Нівы” з вялікім досведам працы ў сілавым блоку.
Журналісты польскага выдання RMF24 адзначаюць, што ў Гародні адбыўся шэраг загадкавых падзей, якія могуць мець далёкія наступствы. Асаблівую ўвагу журналісты звярнулі на дазаваную інфармацыю беларускіх спецслужбаў аб загадкавай асобе замежнага грамадзяніна "Л." І інфармацыю пра нібыта “мінаванне” дома кіраўніка Гарадзенскага абкама Уладзіміра Караніка.
Расейскае прапагандысцкае выданне "МК" і зусім высунула абсурдную версію, у якой сцвярджае, што "забіты замежнік мог з'яўляцца грамадзянінам Польшчы". Пры гэтым прапагандысты ўпэўненыя, што "галоўнай мэтай" падзей у Гародні з'яўляўся нібыта Каранік. Сваю “версію” яны засноўваюць на аповедзе жыхаркі раёна, дзе прагрымелі стрэлы і выбухі.