26 снежня 2024, Чацвер, 21:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітолаг аб сюжэце БТ пра стральбу ў Гародні: Нам паказалі штурм пустой кватэры

7
Палітолаг аб сюжэце БТ пра стральбу ў Гародні: Нам паказалі штурм пустой кватэры

Відэа ад дзяржаўнай ТВ - нерэальны фільм у стылі мянтоўскіх серыялаў.

Палітолаг і каардынатар беларускай экспэртнай сеткі «Наша думка» Вадзім Мажэйка паглядзеў відэа аб затрыманні «тэрарыста» ў Гародні і падзяліўся сваімі высновамі.

- Я глядзеў відэа аб гэтым інцыдэнце, якое паказалі на дзяржаўнай ТВ, шчыра кажучы, яно пакідае адчуванне, што вельмі хацелі нешта паказаць і пацвердзіць сваю версію, але паказаць не было чаго, - адзначыў «Салідарнасці» палітолаг у каментары «нейтралізацыі замежнага тэрарыста» ў Гародні. - Нам паказалі штурм пустой кватэры, дзе нічога не відаць, паказалі выбух дома, дзе наогул нельга зразумець, што там узарвалася, паказалі нейкую столь. Нам не паказалі, фактычна, нічога.

- Гісторыя вельмі падобная на тую, што «пра 150 джыпаў з кулямётамі», вам так не здаецца?

— Я б нават успомніў класіку пра «атручанага пацука ў каналізацыі». Фантазія з тых часоў у іх багацейшай не стала.

Нейкі нерэальны фільм катэгорыі В тыпу расейскіх мянтоўскіх серыялаў.

Я не бяруся сцвярджаць, што ўвогуле нічога не было. Магчыма, нешта і было, нешта раздзьмулі і да рэальнага факту дадалі 99% фэйкаў.

Што там за чалавек быў, увогуле, незразумела, ці існуе ён у прыродзе. Спачатку нібыта назвалі яго імя і грамадзянства, а потым сказалі, што пашпарт у яго фальшывы.

Гэта толькі пашпарт фальшывы ці імя і грамадзянства таксама не актуальныя? Датуль, пакуль гэтага нібы забітага тэрарыста не апазнае хтосьці, я схільны бачыць у гэтым усім нейкую інсцэніроўку.

- З якой мэтай?

- Не выключана, што гэта канкурэнтная барацьба паміж сілавымі структурамі, калі хтосьці хоча выслужыцца і паказаць: вось глядзіце, якія мы малайцы, тыя проста кагосьці затрымалі, а мы - цэлага тэрарыста, з гранатамі.

- Чаму вы сумняваецеся ў тым, што ўсё гэта было рэальна і такі чалавек існаваў?

- Можа, ён і існаваў, а вось ці знойдуцца ў яго сляды ці нейкая гісторыя, якія паказваюць на тое, чым ён займаўся, ці гэта будзе незразумела хто і адкуль які ўзяўся.

Бо імавернасць, што ўсіх сабак павесяць на выпадковага чалавека, таксама ёсць. Ізноў жа зусім незразумелы ўкід аб тым, што нібы ён прыехаў са зброяй, а потым пачаў хадзіць па вакзалах, нешта там выглядваць.

Пры гэтым калі мы ўспомнім рэальныя інцыдэнты, якія ажыццяўлялі на тэрыторыі Беларусі (напрыклад, калі беспілотнік спрабаваў падпаліць амапаўскую базу ці апошняе здарэнне ў Мачулішчах), там алгарытм дзеянняў зусім іншы.

Процьма затрыманых падчас адпрацоўкі, а канкрэтыкі ніякай, ні табе гранат з-за мяжы, ні праўдападобных выканаўцаў. Почырк у тых гісторыях і апошняй, прадстаўленай нам, розны.

Але я ўсё ж пачакаю, пакуль нехта апазнае гэтага чалавека ў рэальнасці.

- Пакуль адзінае, што сапраўды рушыла ўслед за «нейтралізацыяй тэрарыста», гэта чарговае ўзмацненне рэпрэсій.

— Справа ў тым, што ім няма розніцы, пад якой падліўкай узмацняць рэпрэсіі і ажыццяўляць зачысткі. Яны ж не спыняюцца ўвесь час. Вось толькі пару тыдняў адпрацоўвалі Мачулішчы, цяпер з'явілася новая нагода. І гэтая нагода, дарэчы, таксама магла стаць прычынай усяго гэтага «баевіка».

Калі ўспамінаюць пра 30-я гады мінулага стагоддзя, усе гавораць аб маштабе рэпрэсій. Але там быў яшчэ і кантэкст рэпрэсій, калі паводле камуністычнай ідэалогіі, у сувязі з пабудовай сацыялізму ўвесь час павінна была ўзмацняцца класавая барацьба.

А яна не ўзмацнялася, ну, не было ніякіх «белых дыверсантаў». І іх давялося шукаць.

Так і ў нас цяпер пастаўленая задача актыўна лавіць «тэрарыстаў і экстрэмістаў», а яны не едуць групамі праз мяжу. Але Лукашэнка сказаў, што «пруць экстрэмісты са зброяй». Ён жа не можа не мець рацыі. Значыць, проста дрэнна шукалі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках