30 красавiка 2024, aўторак, 22:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наступіў лёсавызначальны момант для Беларусі

27
Наступіў лёсавызначальны момант для Беларусі

Кіраўніца Рады БНР звярнулася да беларусаў у Дзень Волі.

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла звярнулася да беларусаў у Дзень Волі 25 сакавіка 2023 года.

Сайт Charter97.org публікуе тэкст звароту:

Мае дарагія суайчыннікі!

Як заўжды хачу перш за ўсё вітаць вас ад імя Рады БНР і сябе асабіста з нашым вялікім нацыянальным святам, якім мы кожны год адзначаем абвяшчэнне незалежнасці нашай Айчыны.

Колькі часу прайшло і колькі падзей мы перажылі з таго часу, калі Рада Першага Усебеларускага кангрэсу, абраная амаль дзвюма тысячамі дэлегатаў з усёй Беларусі, абвясціла на сваім сходзе наступнае:

«Год таму народы Беларусі разам з народамі Расеі скінулі ярмо расейскага царызму, які найцяжэйшым чынам прыціснуў быў Беларусь. Без згоды народа ён кінуў нашу краіну ў пажар вайны, якая дашчэнту разбурыла беларускія гарады і вёскі.

Цяпер мы, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасці, якую сілком накінулі расейскія цары на наш вольны і незалежны край.

З гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай свабоднай дзяржавай. Самі народы Беларусі ў асобе Устаноўчага Сейма пастановяць аб будучых дзяржаўных саюзах Беларусі».

Абвяшчаючы незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада ўскладае свае спадзяванні на тое, што ўсе народы, якія любяць свабоду, дапамогуць беларускаму народу ў поўнай меры ажыццявіць яго палітыка-дзяржаўны ідэал».

Дарагія суайчыннікі, праз прысутнасць праз 105 гадоў на нашай усходняй мяжы таго самага крывавага ворага, які дагэтуль не пазбавіўся ад сваіх імперскіх намераў, мы сёння яшчэ раз абвяшчаем свету, што мэтай нашага народа дагэтуль з'яўляецца змагацца ўсімі даступнымі нам сіламі, каб абараніць наш вольны і незалежны край ад цяперашняга самазванца і ад яго расейскіх патронаў, якія яшчэ ўсё пагражаюць ізноў заняволіць наш народ.

Мы маем ці ледзь не стогадовы досвед жыцця не як «тутэйшыя» рабы імперыі зла, а як адукаваны, разумны, развіты народ, які здольны дзейнічаць у вольным свеце. Ад нас залежыць наша будучыня - ад кожнага і кожнай з нас!

Хацела б, каб кожны з нас задумаўся, што асабіста ён ці яна можа зрабіць, каб прыцягнуць увагу свабоднага свету да Беларусі. Цяпер гэта надзвычай важна, з улікам таго, якую ганьбу наклікаў на Беларусь дыктатар Лукашэнка сваім суўдзелам у расейскай агрэсіі супраць Украіны. Пакуль свет захапляецца смеласцю ўкраінцаў і абураецца злачынствамі Пуціна і расейскага войска, беларусы павінны як мага мацней словам і справай дэманстраваць свету, што яны на баку сіл дабра і што Лукашэнка не прадстаўляе наш народ. Не дай Бог, каб нехта прыдумаў аддаць Беларусь крываваму тырану ўзамен на мір ва Украіне.

Цяперашні час шмат у чым лёсавызначальны як для Украіны, так і для ўсяго свету і для Беларусі. Але разам мы не дамо ворагу разбіць наша адзінства. Разам мы перанясем усе выпрабаванні і дасягнем нашай мэты: жыць на сваёй роднай зямлі, у сваёй незалежнай дзяржаве, дзе мы самі будзем прымаць пастановы «аб будучых дзяржаўных саюзах Беларусі».

Дапамажы нам Бог!

Жыве Беларусь!

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках