26 красавiка 2024, Пятніца, 4:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы звярнуліся да дэпутатаў Сейма Літвы

Беларусы звярнуліся да дэпутатаў Сейма Літвы

У Вільні адбыўся мітынг за правы беларусаў.

У Вільні 26 сакавіка на плошчы Вінцаса Кудзіркі прайшоў мітынг за правы беларусаў, а менавіта супраць паправак у закон.

З'явіўся і праект петыцыі, якую можна падпісаць онлайн па спасылцы. Публікуем яе тэкст:

«Паважаныя дэпутаты Сейма Літоўскай Рэспублікі!

Мы звяртаемся да вас ад імя беларускай дыяспары Літвы: грамадскіх арганізацый «Dapamoga», «Наш дом», партыі Народная Грамада, палітычных бежанцаў з Беларусі, грамадзян Беларусі, якія жывуць у Літве, валанцёраў з розных краін, якія падтрымліваюць беларускі пратэст.

Усе мы ўдзячныя Літве, якая стала домам (у наўпроставым сэнсе гэтага слова) для тысячаў апанентаў рэжыму Лукашэнкі, якія прайшлі турмы і рэпрэсіі з боку дыктатуры. І гэтага дома мы можам пазбавіцца, бо 21 сакавіка Сейм Літвы ў першым чытанні абсалютнай большасцю галасоў прыняў законапраект, які абмяжоўвае для грамадзян Расеі і Беларусі магчымасць атрымання віз, пасведчання на права жыхарства, а таксама грамадзянства. Відавочна, што пасля набыцця моцы законам 15 красавіка, мы і тут, у Літве, апынёмся ў становішчы ўшчэмленых, але цяпер ужо не паводле прынцыпу лаяльнасці да ўлады, а паводле нацыянальнай прыкметы.

Маем звярнуць вашу ўвагу на тое, што праект закона парушае абуральным чынам Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека, якая абвяшчае:

Артыкул 15

1. Кожны чалавек мае права на грамадзянства.

2. Ніхто не можа быць адвольна пазбаўлены свайго грамадзянства ці права змяніць сваё грамадзянства.

Артыкул 13

1. Кожны чалавек мае права свабодна перамяшчацца і выбіраць сабе месца пражывання ў межах кожнай дзяржавы.

Беларусы, правераныя ДДБЛ, якія прайшлі няпростую працэдуру легалізацыі ў Літве, адчуваюць сябе ў разгубленасці: няўжо, прайшоўшы праз катаванні і збіццё, яны не давялі факт сваёй прыхільнасці да еўрапейскіх каштоўнасцяў і непрымання дыктатуры, у наўпроставым сэнсе, праліваючы за гэта сваю кроў?

Палітычныя ўцекачы з Беларусі прытрымліваюцца выразна выяўленай пазіцыі падтрымкі Украіны ў барацьбе супраць агрэсіі Расеі; з пачатку агрэсіі яны ўзялі ўдзел у больш чым 50 акцыях супраць вайны ва Украіне, развязанай РФ.

Таксама беларускія праваабарончыя і валанцёрскія арганізацыі з першага дня вайны ва Украіне надавалі дапамогу ўкраінскім уцекачам тут, у Літве, і, непасрэдна, ва Украіне - адпраўляючы гуманітарную дапамогу і вывозячы людзей з польскай мяжы.

Мы верым у палітычную волю і здаровы сэнс літоўскіх палітыкаў, і заклікаем дэпутатаў Сейма не парушаць традыцыйна добразычлівую мультыкультурную палітыку Літвы. Сярод грамадзян Беларусі ёсць асобы літоўскага паходжання - мы бачым спробы пазбавіць іх права на атрыманне грамадзянства Літвы ў спрошчаным рэжыме.

Мы просім даць магчымасць прэтэндаваць на грамадзянства Літвы ўсім беларусам, якія маюць сталы ДНЖ у тэрміны, устаноўленыя законам, а таксама - набываць (ім жа) нерухомасць. Мы спадзяемся, што нам захаваюць лічбавае рэзідэнцтва, агулам, і лічбавы подпіс - прынамсі. А таксама просім даць магчымасць палітычным уцекачам сустракацца з блізкімі, гэта значыць, даць апошнім магчымасць атрымаць візы для наведвання Літвы».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках