3 траўня 2024, Пятніца, 17:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расеец, чыя дачка намалявала антываенны малюнак, збег напярэдадні прысуду

13
Расеец, чыя дачка намалявала антываенны малюнак, збег напярэдадні прысуду

У зале суда навіну сустрэлі воплескамі.

У Расеі Аляксея Маскалёва - бацькі школьніцы Машы Маскалёвай, якая намалявала антываенны малюнак, - прысудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Як паведамляе «Медиазона», такі вырак вынес Яфрэмаўскі міжраённы суд Тульскай вобласці. Яго судзілі паводле артыкула аб паўторнай «дыскрэдытацыі» расейскага войска (частка 1 артыкула 280.3 КК РФ). Суддзя таксама абвясціў, што дачка Маскалёва перадаецца на апеку сацыяльных службаў. Пракуратура патрабавала для Маскалёва два гады калоніі.

Самога Маскалёва на абвяшчэнні прысуду не было. Прэс-сакратарка суда Вольга Дзьячук заявіла, што ён уцёк з-пад хатняга арышту ў ноч перад прысудам. У зале суда навіну сустрэлі воплескамі.

Маша Маскалёва намалявала на ўроку малявання антываенны малюнак з надпісамі «Не вайне» і «Слава Украіне». Гэта было ў красавіку 2022 года. На малюнку была намаляваная жанчына з украінскім сцягам, якая закрывае сабой дзіця ад ракет. На наступны дзень пасля ўрока Маскалёва з дачкой забралі са школы паліцыянты. У аддзяленні ён даведаўся, што на яго складзены пратакол аб «дыскрэдытацыі» войска праз каментары ў «Аднакласніках». Тэкст каментара - «Войска Расеі. Гвалтаўнікі побач з намі». Паводле гэтага пратакола суд аштрафаваў Маскалёва на 32 тысячы рублёў.

Аляксея Маскалёва і яго дачку дапытвалі ў ФСБ. Супрацоўнікі спецслужбы забралі Машу на наступны дзень пасля суда паводле справы яе бацькі. Маша перастала хадзіць у школу і перайшла на хатняе навучанне. 30 снежня 2022 года ў іх дома прайшоў ператрус.

Са слоў Маскалёва, раніцай у дзень ператрусу каля яго дома стаялі пяць паліцэйскіх машын, а таксама машыны МНС і пажарнай службы. Ён распавёў, што супрацоўнікі ФСБ даставалі з шафаў рэчы, тапталі адзенне, зрывалі карціны са сцен і пераварочвалі мэблю. Яны канфіскавалі ўсю тэхніку, а таксама ўсе назапашванні сям'і - 125 тысяч рублёў і 3150 даляраў. Падчас допыту, са слоў Маскалёва, сілавікі пыталіся ў яго: «Адкуль у цябе даляры? Хто твой гаспадар? На каго ты працуеш?

Маскалёў расказваў, што сілавікі падчас допыту білі яго «галавой аб сцяну і аб падлогу». Пасля гэтага ён пастанавіў з'ехаць разам з дачкой у горад Вузлавую. Ён знаходзіцца ў Тульскай вобласці прыкладна за 100 кіламетраў ад Яфрэмава, дзе жылі Маскалёвы.

Аляксея Маскалёва затрымалі 1 сакавіка, на яго распачалі крымінальную справу аб паўторнай «дыскрэдытацыі» войска праз каментары ў «Аднакласніках» аб забойствах жыхароў Бучы і палонных украінцаў у Аленаўцы. Якія менавіта каментарыі сталі падставай для справы, Следчы камітэт у сваім паведамленні аб крымінальнай справе не ўдакладніў. З 2 сакавіка Маскалёў знаходзіўся пад хатнім арыштам.

Машу Маскалёву павезлі ў цэнтр для непаўналетніх. Сувязі з дзяўчынкай у бацькі няма. Як стала вядома, яшчэ ў студзені камісія ў справах непаўналетніх горада Яфрэмава падала ў суд пазоў аб абмежаванні бацькоўскіх правоў Маскалёва і маці дзяўчынкі. Са слоў кіраўніцы камісіі Святланы Давыдавай, сям'я Маскалёвых з траўня 2022 года знаходзіцца на «прафілактычным уліку сем'яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы». Яна сцвярджае, што бацька дзяўчынкі двойчы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці і не рабіў спробаў вярнуць дачку да навучання ў школе, а маці дзяўчынкі жыла асобна і не цікавілася яе жыццём.

Пасяджэнне суда аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў назначанае на 6 красавіка.

Суд разгледзеў крымінальную справу Аляксея Маскалёва за адзін дзень - 27 сакавіка. Пракурор запытаў для абвінавачанага два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Маскалёў падчас паседжання суда казаў, што не пісаў допісы, якія сталі падставай для справы. Ён заявіў, што ягоную старонку ў «Аднакласніках» некалькі разоў узломвалі.

На судзе Маскалёў выступіў з кароткім апошнім словам: «Калі цяпер спытаць меркаванне, як вы ставіцеся да «спецаперацыі» ва Украіне, я думаю, нават людзі ў зале, больш за 90%, скажуць, што яны супраць. І я пагаджуся з імі. Як можна ставіцца да смерцяў, да людзей, якія гінуць? Дарослыя гінуць, дзеці. Адмоўна ставіцца толькі, як яшчэ да вайны ставіцца. Але скочвацца да таго, каб пісаць негатыўныя рэчы, абразы… Я гэтага не рабіў».

У дзень вынясення прысуду, 28 сакавіка, адвакату Маскалёва Уладзіміру Біліенку ўдалося паразмаўляць з супрацоўнікамі прытулку, у якім знаходзіцца Маша. Яму перадалі малюнкі дзяўчынкі, а таксама паказалі яе ліст для бацькі. «Там у канцы сэрца вялікае і [словы]: «Тата, ты мой герой», — распавёў адвакат.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках