5 траўня 2024, Нядзеля, 20:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У жыхара Лепеля выразалі здаровую нырку замест хворай

28
У жыхара Лепеля выразалі здаровую нырку замест хворай
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Ён перамог у судзе, цяпер спрабуе дабіцца кампенсацыі шкоды.

Жыхар Лепеля Мікалай Цабанаў судзіўся з хірургам-анколагам, які выразаў у лепельца замест хворай здаровую нырку, піша «Зеркало».

Суд жыхар райцэнтра і яго сям'я выйгралі, але на дасягнутым спыняцца не збіраюцца: наперадзе іх чакаюць яшчэ паседжанні аб кампенсацыі маральнай шкоды, акрамя таго, яны плануюць падаць у суд і на двух іншых дактароў, якія мелі дачыненне да няўдалай аперацыі.

Рэзаць нельга лячыць

«У сакавіку мінулага года мой муж адчуў слабасць, затым пачалася патлівасць і з'явіліся першыя прыкметы ішэмічнай хваробы. Я спалохалася, што ў яго праблемы з сэрцам, ён пачаў здаваць аналізы, зрабіў УГД, якое паказала двухсантыметровую пухліну на левай нырцы», - распавяла жонка пацярпелага Галіна Цабанава.

14 чэрвеня 2022 года лепелец лёг у Віцебскі абласны клінічны анкалагічны дыспансер.

Восем дзён пацыента вёў загадчык аддзялення - хірург, які і павінен быў аперыраваць. За дзень да аперацыі загадчыка памянялі і аперацыю правёў іншы спецыяліст, асіставаў якому былы лекар Цабанава.

«Я сама жыву 40 гадоў з адной ныркай і цудоўна ведаю, што гэты орган складаецца з тканкі, якая дрэнна паддаецца лячэнню. Больш за тое, ныркі складана апераваць, бо вялікая імавернасць моцнага крывацёку, таму іх часцей за ўсё выдаляюць. Мужу павінны былі выдаліць левую нырку», - распавяла Галіна.

«З кім не бывае»

«Мужу далі вельмі моцны наркоз: памятаю, мы з ім размаўлялі праз тэлефон праз тры дні пасля аперацыі, і ён ледзь гаварыў. Муж расказаў, што вельмі баліць разрэз з правага боку. Я спалохалася: як з правага, калі выдаліць павінны былі левую нырку? Муж адказаў, што, паводле доктара, так лягчэй было дастаць левую нырку. Размаўлялі з мужам увечары ў нядзелю, я ледзь дачакалася раніцы наступнага дня. А раніцай у панядзелак патэлефанавала ў дыспансер», - успамінае Галіна Цабанава.

Дазваніўшыся, жанчына прыстрашыла лекараў, што едзе ў медустанову з адвакатам разбірацца, у чым справа. Са слоў лепельчанкі, яна спачатку падумала, што здаровую нырку проста скралі.

У дыспансеры галоўная лекарка пачала тлумачыць, што правую нырку выдалілі, бо там таксама была вялікая пухліна. Жанчына не паверыла, паколькі і УГД, і КТ да гэтага паказалі, што правая нырка абсалютна здаровая. Галоўная лекарка паведаміла, што мужу будуць праводзіць сеансы хіміятэрапіі, каб прыбраць пухліну на левай нырцы. Калі Цабанава заявіла, што хіміятэрапія не дапамагае пры хваробе нырак, лекары пагадзіліся выразаць пухліну з левай ныркі.

«Тады ж я напісала заяву на правядзенне гісталагічнай экспэртызы выдаленай ныркі, якая потым паказала, што яна была абсалютна здаровая, а сын напісаў заяву ў Следчы камітэт», – дзеліцца падрабязнасцямі суразмоўніца.

Некалькі месяцаў Цабанавы пісалі ва ўсе інстанцыі, пачынаючы з Міністэрства аховы здароўя, адкуль папера спускалася ў тое ж Міністэрства аховы здароўя. Міністэрства правяло службовую праверку, у выніку якой быў выяўлены «факт медычнай памылкі», а таксама паказана, што першапачаткова памылілася лекарка-рэнтгенолаг кабінета рэнтгена-кампутарнай дыягностыкі дыспансера.

Цабанавы падалі ў суд на лекараў, праз якіх муж стаў інвалідам 2-й групы. Віну на сябе ўзяў толькі хірург, які праводзіў аперацыю, а лекар-рэнтгенолаг і доктар, які назіраў пацыента цягам тыдня і асіставаў пры аперацыі і не спыніў хірурга, калі той выразаў здаровую нырку, сталі сведкамі паводле справы.

«Асабліва мяне раззлавала рэнтгенолаг, якая на судзе паводзіла сябе так, быццам увогуле не разумее, навошта яе выклікалі, патлумачыўшы, што яе адцягнулі падчас працы з вынікамі КТ мужа. Пасля чаго нахабна заявіла: памылілася, маўляў, падумаеш, з кім не бывае! Не папрасіла прабачэння, а сказала, што такое часам здараецца», - не хавае абурэння жанчына.

Паседжанне было закрытым і журналістаў на яго не пусцілі. Хірурга прысудзілі да паўтара года «хатняй хіміі» з магчымасцю працягваць медычную дзейнасць.

Цяпер муж і жонка рыхтуюцца да суда супраць лякарні аб кампенсацыі маральнай і фізічнай шкоды, а таксама збіраюцца падаваць пазоў супраць двух іншых лекараў, бо абсалютна не згодныя з тым, што яны пазбеглі пакарання.

Пухліну выразалі

«Праз два месяцы пасля злашчаснай аперацыі пухліну мужу ўсё ж выразалі, але гэта рабілі ўжо ў Менску, куды мужа змог уладкаваць сын. Калі менскія лекары даведаліся пра нашу гісторыю, то сказалі, каб Колю неадкладна везлі да іх. Але, паколькі шво ў Віцебску было зробленае жудасна, увесь час гнаілася і там утварыўся свішч, медыкі тры тыдні не маглі прыступіць да другой аперацыі, чакалі пакуль зажыве», — успамінае суразмоўніца.

З яе слоў, галоўная лекарка ў сваіх паказаннях сцвярджала, што гэта яна ўладкавала Цабанава на аперацыю ў Менск, хаця ў рэальнасці не прыклала да гэтага ніякіх намаганняў, а на просьбы лепельчанкі змясціць мужа на лячэнне ў Бараўляны «толькі ўсміхалася».

Цяпер фізічны стан Мікалая Цабанава вельмі павольна аднаўляецца. Самую вялікую турботу ў жонкі выклікае яго эмацыйны стан. Мужчына ўвесь час баіцца, што з левай ныркай будзе нешта не так, што дактары ў Менску таксама правялі аперацыю з памылкай. І яго даводзіцца ўвесь час адцягваць ад цяжкіх разважанняў.

«Ведаеце, бо перад намі нават ніхто не папрасіў прабачэння. Падчас выпіскі я думала: выйдзе хірург, папросіць прабачэння… Можа, і завагалася б, але ён папрасіў прабачэння толькі ў судзе. А другі пры выпісцы проста папрасіў не пісаць заяў, інакш іх звольняць, на што я адказала, што магу і не пісаць, калі мужу вернуць здаровую нырку», - сказала Цабанава.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках