Контратака УСУ можа пачацца там, дзе захлынулася атака РФ
4- 28.03.2023, 18:54
- 11,822
Да «ўкраінскага Сталінграда» сцягваюць свежыя сілы.
Украінскае контрнаступленне пройдзе ўжо ў красавіку і яго поспех практычна прадвызначаны, піша тэлеграм-канал «Можам растлумачыць» са спасылкай на сусветныя СМІ. Паводле іх інфармацыі, контрвыпад пачнецца менавіта з Бахмута, які так і не здолелі ўзяць расейцы.
Наступ захлынуўся
Бахмут спрабавалі ўзяць з лета мінулага года, але так і не змаглі. Брытанская выведка прыводзіць звесткі, што блізу пятай часткі ўсіх расейскіх страт з лета мінулага года прыпалі менавіта на Бахмуцкі кірунак. France 24 і BBC пішуць, што аслабленне наступальнай сілы УС РФ назіраецца ўжо цяпер. Расея працягвае губляць сотні салдат штодня на гэтым, самым гарачым, кірунку (The Economist).
Ад абароны - да нападу
«Наша задача з пачатку года: «Трымаць Бахмут да красавіка», – кажа Стас Осьман, стралок-айдаравец, якога цытуе The New York Times. Пасля наведвання ўкраінскіх абаронных пазіцый, камандуючы наземнымі войскамі УСУ Аляксандр Сырскі заявіў: «У іх [расейцаў] амаль скончыўся рэсурс для наступу. (…) Неўзабаве мы гэтым скарыстаемся».
Чаму менавіта Бахмут
Паводле аналітычных звестак CNN, Украіна захавала кантроль за ключавымі рачнымі і наземнымі пераправамі. Таму Расея здолела акружыць, але не захапіць Бахмут, а Украіна забяспечыла сабе шлях для наўпроставага ўдару ўглыб ворага. Адстаўны генерал Уэзлі Кларк заяўляе: «Бахмуцкі кірунак можа быць вызначальным сутыкненнем, якое прымусіць Пуціна сесці за стол перамоваў».
Свежыя сілы
Паводле амерыканскай інфармацыі, наступальнай сілы ва Украіны для гэтага дастаткова: УСУ прытрымлівалі ў рэзерве большую частку вайскоўцаў, якіх цяпер збіраюць у наступальныя брыгады (у іх увойдуць таксама многія, хто скончыў навучанне на Захадзе). Акрамя таго, усё больш байцоў тэрытарыяльнай абароны сцякаецца да фронту, паведамляе The Guardian.
Спачатку Бахмут, а далей?
Заходнія СМІ пішуць, што іншыя кірункі будуць залежаць ад поспеху пад Бахмутам. Акрамя таго, магчымым з'яўляецца той ці абманны манеўр УСУ, падобны таму, як было перад наступам на Херсонскім кірунку.