Паводле справы аб дыверсіі ў Мачулішчах затрымалі мужа і жонку
9- 28.03.2023, 19:03
- 18,210

Муж і жонка выхоўваюць двух непаўналетніх дзяцей.
Сілавікі затрымалі Максіма Лапаціна, які фігураваў у сюжэце пра дыверсію з расейскім самалётам А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах на тэлеканале «Беларусь 1», і яго жонку. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Са звестак праваабаронцаў, Лапаціна затрымалі 3 сакавіка, ягоную жонку — 23 сакавіка, але вядома пра гэта стала толькі цяпер. Муж і жонка знаходзяцца ў СІЗА КДБ.
Максіма і Людмілу Лапаціных падазраюць у тэрарызме (арт.289 КК Беларусі).
Муж і жонка выхоўваюць двух непаўналетніх дзяцей.
Нагадаем, 26 лютага ў выніку выбухаў пры дапамозе кіраваных дронаў на аэрадроме «Мачулішчы» пад Менскам быў пашкоджаны расейскі вайсковы самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення А-50. Па факце спробы ўчынення акта тэрарызму на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах КДБ распачаў крымінальную справу. Затрымана больш за 20 чалавек, у тым ліку і «выканаўца - агент украінскай спецслужбы» Мікалай Швец.
Максім Лапацін фігураваў у сюжэце дзяржтэлеканала «Беларусь 1». Там сцвярджалася, што ён падвёз Мікалая Швеца з Менска ў дом у садовым таварыстве «Бярозавы гай-1» Бараўлянскага сельсавета, дзе «ўкраінскага дыверсанта» пазней затрымалі сілавікі.