Нарвегія можа ўзначаліць Арктычную раду замест Расеі
2- 28.03.2023, 19:26
- 3,426

У Арктычную раду ўваходзіць восем краін.
Нарвегія знаходзіцца ў «канструктыўным працэсе» з Расеяй, каб забяспечыць перадачу старшынства ў Арктычнай радзе. Праца міжурадавага органа была спыненая пасля ўварвання РФ ва Украіну.
Пра гэта паведамляе Bloomberg.
Працэс перадачы старшынства да Нарвегіі можа адбыцца на віртуальнай сустрэчы. У ёй наўрад ці возьмуць удзел міністры ўрадаў.
Усе восем арктычных краін - Расея, Нарвегія, Швэцыя, Фінляндыя, Данія, Ісландыя, ЗША і Канада - павінны будуць узгадніць поўную падрыхтоўку да пераходу старшынства.
Арктычная рада з'яўляецца асноўным міжурадавым форумам для супрацоўніцтва ў пытаннях Арктыкі, уключаючы змену клімату, праблемы карэнных народаў і кіраванне. У чэрвені яна заявіла, што адновіць працу над праектамі, у якіх не ўдзельнічала Расея. Амаль 70 праектаў, якія складаюць прыкладна палову працы, зацверджанай да лютага, зноў запушчаныя.
«Гонка за ўплыў у Арктыцы абвастраецца. Кітай, які разглядае рэгіён як транспартны маршрут у Еўропу, з'яўляецца адной з 13 дзяржаў, якія маюць статус назіральніка ў Радзе. Летась ён заявіў, што не падтрымае выключэнне Расеі з Рады, заявіўшы, што для гэтага няма прававога механізму», - гаворыцца ў матэрыяле.
Прыярытэтамі для Нарвегіі падчас старшынства ў Радзе будуць пытанні клімату, устойлівае эканамічнае развіццё і клопат аб людзях у Арктыцы, у тым ліку прыцягненне моладзі і ўзмацненне ролі і голасу груп карэнных народаў.