«Гомсельмаш» апублікаваў запісы з затрыманымі супрацоўнікамі
5- 28.03.2023, 21:12
- 14,062

«Пакаянныя» відэа цяпер і на прадпрыемствах.
Завод «Гомсельмаш» апублікаваў у сваіх сацсетках відэа з затрыманымі супрацоўнікамі. На гэта звярнула ўвагу выданне «Флагшток».
У роліку сілавікі выломліваюць дзверы ў кватэру, затрымліваюць аднаго чалавека на кухні і аднаго на вуліцы. На відэа трапілі адзін былы і два дзейныя супрацоўнікі завода. На камеру мужчыны кажуць, што пісалі «абразлівыя каментары», былі падпісаныя і распаўсюджвалі інфармацыю з «экстрэмісцкіх» каналаў, выказвалі «негатыўнае стаўленне да супрацоўнікаў сілавых установаў» і гэтак далей.
У некаторых мужчынаў на відэа відаць сінякі і драпіны.
Аўтары відэа заяўляюць, што супрацоўнікі будуць звольненыя, а пасля адбыцця адміністрацыйнага арышту іх справамі зоймецца Следчы камітэт.