СБУ апублікавала размовы мітрапаліта Паўла і паказала ўбранне ягонага дома
32- 1.04.2023, 14:04
- 25,382

Скандальны святар Маскоўскага патрыярхату абражаў украінцаў і вернікаў іншых канфесій.
СБУ пацвердзіла ўручэнне падазрэння былому намесніку Кіева-Пячэрскай лаўры мітрапаліту Паўлу Лебедзю. Яго абвінавачваюць у распальванні рэлігійнай варожасці, апраўданні і адмаўленні ўзброенай агрэсіі РФ супраць Украіны.
Пра гэта паведамляе прэс-служба СБУ.
Як высветлілі праваахоўнікі, Лебедзь у сваіх публічных выступах неаднаразова абражаў рэлігійныя пачуцці ўкраінцаў.
Таксама ён зневажаў погляды вернікаў іншых канфесій і спрабаваў сфармаваць варожыя настроі да іх. Акрамя таго, мітрапаліт Павел рабіў заявы, якія апраўдвалі ці адмаўлялі дзеянні Расеі.


«Гэта пацвердзіла і ініцыяваная Службай бяспекі судова-лінгвістычная экспертыза», – заявілі ў СБУ.
У СБУ таксама апублікавалі фрагменты асабістых размоваў адыёзнага мітрапаліта Паўла, якія пацвярджаюць вылучаныя яму абвінавачанні. У адной з размоваў Павел радуецца акупацыі Херсона, а ўварванне РФ называе «вайной Амерыкі і Расеі да апошняга ўкраінца».
«Ужо сёння Херсон звястуй радасць вялікую, там ужо і сцягі расейскія ўсюды... Людзі задаволеныя. Вунь паказваюць, я дык не ўмею, дзякуй Богу, і не хачу, а паказваюць у інтэрнэце. Вось і ўсё. Вядома, не саступяць (расейскія акупанты – рэд.). Некалі казалі, што будзе вайна Амерыкі і Расеі да апошняга ўкраінца. Яшчэ крыху засталося. Адразу папярэджваю, не будзь недзе блізка, дзе ёсць нейкая частка, там, нешта такое, нейкі завод», – казаў мітрапаліт неназванаму суразмоўцу.
У яшчэ адной размове, апублікаванай СБУ, Павел кажа, што Украіна вінаватая ў тым, што РФ пачала вайну, таму што нібыта «справакавала Маскву».
«Пішуць сёння ў ютубе, лупцанулі па тых лабараторыях амерыканскіх у Кіеве і Адэсе, каб аж ад іх пыл разляцеўся... Знішчаюць Украіну цалкам. Ну, гэтыя б'юць напоўніцу (расейцы – рэд.), а гэтыя ж правакуюць (украінцы – рэд.)», – заявіў Павел.
У яшчэ адным перахопе адыёзны мітрапаліт заявіў, што ў заходніх рэгіёнах «няма ўкраінцаў». Паводле ягонай вар'яцкай версіі, усё гэта «Польшча і Вугоршчына», а «Украінай там ніхто не дыхае».
Акрамя таго, падчас размовы з неназванай жанчынай мітрапаліт называе тэраабарону «вылюдкамі».
У асобных перахопах мітрапаліт не хавае, што падтрымлівае сувязь з Масквой, нягледзячы на ўварванне РФ, а таксама просіць маліцца за маскоўскага патрыярха.
Акрамя персанальных размоваў, мітрапаліт у публічных зваротах распальваў міжрэлігійную варожасць. Фрагмент ягоных скандальных зваротаў таксама апублікавалі ў СБУ.
У сваю чаргу ўручэнне падазрэння пракаментаваў кіраўнік СБУ Васіль Малюк.
«Закон і адказнасць за ягонае парушэнне аднолькавыя для ўсіх, а раса не заўсёды з'яўляецца гарантам чыстых намераў. Сёння вораг спрабуе выкарыстоўваць царкоўнае асяроддзе для прасоўвання сваёй прапаганды і расколу ўкраінскага грамадства. Але мы не дамо яму ніякага шанцу!» – адзначыў Малюк.
Так, на падставе сабраных доказаў мітрапаліту Паўлу паведамлена пра падазрэнне паводле наступных артыкулаў:
ч. 1 арт. 161 КК (парушэнне раўнапраўя грамадзянаў у залежнасці ад іх расавай, нацыянальнай, рэгіянальнай прыналежнасці, рэлігійных перакананняў),
ч. 1 арт. 436-2 (апраўданне, адмаўленне ўзброенай агрэсіі РФ супраць Украіны, гларыфікацыя яе ўдзельнікаў).
На месцах пражывання і часовага знаходжання фігуранта праводзяцца следчыя дзеянні.
Нагадаем, што сёння зранку стала вядома, што мітрапаліт УПЦ МП Павал атрымаў падазрэнне ад СБУ. Пасля чаго стала вядома, што праваахоўнікі накіраваліся ў ягоны дом на ператрусы.
Сам жа прадстаўнік Маскоўскага патрыярхату заявіў, што яму нібыта далі дамашні арышт, а ва УПЦ МП сцвярджаюць, што яго сёння павінны быць дапытаць.







