Зяленскі ўвёў новыя санкцыі супраць Расеі
8- 1.04.2023, 17:06
- 4,792
Яны будуць дзейнічаць 10 год.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўвёў у дзеянне санкцыі ў дачыненні да былога кіраўніка ўкраінскай кампаніі «Матор Січ» Вячаслава Багуслаева, які выявіўся здраднікам, і сотняў фізічных асоб. Пад абмежаванні таксама патрапілі сотні кампаній і арганізацый з РФ і акупаваных тэрыторый, у тым ліку расейскае Мінфінансаў і Савет Федэрацыі, піша «Уніян».
Згодна з указам Зяленскага, які апублікавалі 1 красавіка на сайце Офіса прэзідэнта Украіны, у санкцыйны спіс патрапілі больш за 230 чалавек, у тым ліку Багуслаеў, кіраўнік Управы МУС Украіны ў Чаркаскай вобласці Уладзімір Ліпандзін і яшчэ некалькі ўкраінцаў, а таксама грамадзяне Ірана.
Акрамя таго, санкцыі ўвялі супраць больш чым 350 кампаній з Расейскай Федэрацыі, а таксама адносна адной кампаніі з часова акупаванага Мелітопаля. Сярод арганізацый, якія трапілі пад абмежаванні, Мінфін РФ і Савет Федэрацыі Федэральнага сходу РФ. Таксама ў спіс патрапіла іранская кампанія.
Усе санкцыі будуць дзейнічаць 10 год.
Справа Багуслаева - што вядома
23 кастрычніка 2022 года СБУ затрымала прэзідэнта кампаніі «Матор Січ», экс-нардэпа Вячаслава Багуслаева паводле падазрэння ў працы на Маскву.
24 кастрычніка апублікавалі аўдыёзапісы тэлефонных размоваў Багуслаева, якія даводзілі працу на РФ. Ён працягваў пастаўляць рухавікі і іншыя запчасткі да ўдарных верталётаў войска РФ пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну.
Шаўчэнкаўскі райсуд Кіева абраў Багуслаеву меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай. Акрамя таго, яму паведамілі аб падазрэнні паводле артыкула 111-1 «Калабарацыйная дзейнасць» і артыкуле 111-2 «Дапамаганне дзяржаве агрэсару» Крымінальнага кодэкса Украіны
7 лістапада ў дзяржаўную ўласнасць перайшла кампанія «Матор Січ». Таксама ў пачатку лютага 2023 года Багуслаеву паведамілі аб падазрэнне паводле артыкула 258-3 «Садзейнічанне дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі» Крымінальнага кодэкса Украіны, а 28 сакавіка паведамілі новае падазрэнне аб перашкодах для пастаўкі баявога верталёта для ГУР Мінабароны ў красавіку 2022 года.