23 лiпеня 2024, aўторак, 18:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паміж ЗША і Кітаем разгортваецца халодная вайна

10
Паміж ЗША і Кітаем разгортваецца халодная вайна

Дзе цяпер галоўны фронт?

Шмат месяцаў пасля поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну Кітай заставаўся збольшага маўклівым і амаль непрыкметным на глабальнай арэне. Але ў канцы мінулага года сітуацыя памянялася, і афіцыйны Пекін выйшаў з фактычнай самаізаляцыі, зноў стаўшы адным з самых прыкметных гульцоў у сусветнай палітыцы, піша для zn.ua дацэнт украінскага інстытута міжнародных стасункаў КНУ імя Тараса Шаўчэнкі Віктар Канстанцінаў.

Для нас у фокус увагі трапілі кітайскі «мірны план» і кітайска-расейскія перамовы на найвышэйшым узроўні. Але самыя маштабныя зрухі ў палітыцы Пекіна апошніх месяцаў адбыліся на Блізкім Усходзе.

Уласна, цяперашняе кітайскае вяртанне пачалося ў гэтым важным рэгіёне: у снежні Сі Цзіньпін адправіўся ў Эр-Рыяд з першым замежным візітам постковіднай пары. За насычанай выправай кітайскага лідэра на Арабійскі паўвостраў адбыўся візіт іранскага прэзідэнта Ібрагіма Раісі ў Пекін і нарэшце падпісанае пры пасярэдніцтве КНР савудаўска-іранскае пагадненне. Усе гэтыя падзеі ўклаліся ў няпоўныя тры месяцы, што сведчыць не толькі пра дбайную падрыхтоўку гэтых крокаў, але і пра наяўнасць у Кітая стратэгічнага плана.

Важнасць Блізкага Усходу для самога Кітая не выклікае пытанняў ужо даўно. Адсюль на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў ідуць асноўныя пастаўкі нафты, рэгіён - адзін з ключавых рынкаў збыту для кітайскіх IT і тэлекамунікацыйных кампаній, а таксама для ўзбраенняў. Натуральна, што актыўнасць кітайскай дыпламатыі ў рэгіёне - адна з найбольш высокіх. І ўсё ж да нядаўняга часу падвалінай рэгіянальнай палітыкі было развіццё двустаронніх стасункаў. Адрозненне апошніх крокаў Пекіна ў тым, што іх беспасярэдняя мэта - змена структуры стасункаў на Блізкім і Сярэднім Усходзе, новы баланс сіл у рэгіёне.

Кітай прадэманстраваў, як доўгатэрміновыя інвестыцыі ў эканамічнае і тэхналагічнае партнёрства ператвараюцца ў палітычны ўплыў. Гандаль, інвестыцыі і супольныя інфраструктурныя і прамысловыя праекты зрабілі КНР ключавым, а то і зусім галоўным эканамічным партнёрам для большасці краін рэгіёна - Ірана і Турцыі, Савудаўскай Арабіі ды Кувейта, Егіпта і Ярданіі. Кітай цяпер найбуйнейшы інвестар у рэгіёне і галоўны прадавец сучасных тэхналагічных развязак у шмат якіх сэктарах - ад энэргетыкі і сувязі да сельскай гаспадаркі. Усе гэтыя дасягненні падмацаваны тузінам пагадненняў аб стратэгічным партнёрстве, кожнае з якіх сапраўды працуе.

Менавіта на такой самавітай базе Пекін здзейсніў пераход да ўплыву на ўсю блізкаўсходнюю палітыку. Рэч у тым, што Кітай неабходны шмат якім краінам, залежным ад яго, прынамсі ў эканоміцы, а сам ён дастаткова моцны і актыўны, каб рэгіянальныя дзяржавы ўспрымалі яго палітычныя амбіцыі сур'ёзна.

Наколькі сур'ёзна ўспрымаюць Кітай у рэгіёне? Крыху больш за год таму Вашынгтон запатрабаваў ад ААЭ адмовіцца ад пагаднення з Huawei, паводле якога кітайская кампанія мела разгарнуць у эміратах сетку сувязі стандарту 5G. У адваротным выпадку амэрыканцы пагражалі заблакаваць пастаўку самалётаў пятага пакалення F-35 ды іншых узбраенняў. Выбар быў зроблены на карысць умовы з кітайцамі. Гаворка ідзе не пра маргінальны рэжым, а пра аднаго з найбольш давераных хаўруснікаў ЗША ў рэгіёне, партнёра NATO і рэдкую арабскую краіну, якая мае доступ да самых сучасных амэрыканскіх узбраенняў. Каб было ясна, што эміраты не ўсталі на шлях джыхаду супраць амэрыканцаў - прыблізна ў той жа час яны пайшлі насустрач іншаму амэрыканскаму патрабаванню і забаранілі кітайцам будаваць новы тэрмінал у порце Халіфа непадалёк ад Абу-Дабі.

Краіны рэгіёну, асабліва з лагера амэрыканскіх хаўруснікаў, не памянялі сцяг - яны па-ранейшаму абапіраюцца на партнёрства з Вашынгтонам у гарантаванні сваёй бяспекі. Але збліжэнне з Кітаем робіць іх менш залежнымі ад ЗША, прымушае амэрыканцаў ісці на саступкі, такім чынам адчувальна ўзмацняе рэгіянальныя дзяржавы. Шмат дзесяцігоддзяў такой альтэрнатывы ў рэгіёне наогул не было, ЗША былі тут гегемонам. Гэта не падабалася блізкаўсходнім краінам не дзеля прыроджанага антыамэрыканізму - проста такое становішча спраў азначала, што рэгіён цалкам залежыць ад таго, наколькі ў гэты момант ён цікавы Вашынгтону. І калі цікавасць знікала, з крызісамі рэгіёну даводзілася ўпраўляцца самастойна. Выходзіла зазвычай не надта.

Блізкаўсходнія краіны чакаюць ад Кітая, што той стане "запасным варыянтам" развязання рэгіянальных праблем якраз на той выпадак, калі амэрыканцы чарговы раз страцяць цікавасць да Блізкага Усходу (як гэта здарылася за Абамам) або, наадварот, будуць занадта настойліва і без уліку меркавання рэгіянальных партнёраў «уціхамірваць» рэгіён (як за Бушам-малодшым). Падчас першага кітайска-арабскага саміту і першага саміту КНР з краінамі Арганізацыі супрацоўніцтва арабскіх дзяржаў Персідскай затокі, якія прайшлі ў снежні мінулага года, бяспека і міратворчыя ініцыятывы на Блізкім Усходзе былі галоўнымі палітычнымі тэмамі.

Таму і пагадненне паміж Савудаўскай Арабіяй і Іранам, падпісанае ў Пекіне, для рэгіёну найбольш значнае як сымбалічны акт - са згоды ўсіх зацікаўленых старон Кітай заняў месца поруч з ЗША як дзяржава, адказная за тое, што адбываецца на Блізкім Усходзе. Да гэтага моманту амэрыканцы былі адзінай сілай, якая мірыла варожыя стораны і ўстанаўляла рэгіянальны парадак. Нават СССР не быў здатны да гэтага. Цяпер увесь свет убачыў сітуацыю, калі тую ж ролю выконвае Кітай.

Так, роля гэтая за Кітаем - авансам. І аб аднаасобным перакройванні Блізкага Усходу Пекінам размова не ідзе і не пойдзе яшчэ доўга. Так што ніякай пагрозы "выгнання" ЗША з Блізкага Усходу або ператварэння Кітая ў рэгіянальнага гегемона на даляглядзе няма. Але, несумненна, Кітай будзе вельмі намагацца. У рэгіёне ён мае не проста стратэгічны інтарэс, а інтарэс глабальны, звязаная з галоўным выклікам - канфрантацыяй з ЗША.

Амэрыканцы за Абамам сышлі з Блізкага Усходу не ў пустэчу, яны перанеслі акцэнт сваёй палітыкі ва Усходнюю Азію, на задні двор Кітая, прымусіўшы таго абараняцца амаль што ва ўласнай хаце. Калі амэрыканцы летась пасля расейскага ўварвання здалелі зладзіць магутную і дзейсную кааліцыю ў падтрымку Украіны, для Кітая гэта стала непрыемнай неспадзяванкай. Ізноў Кітай меў дзейнічаць другім нумарам, ізноў ён толькі абараняўся. Стратэгічны хаўруснік саступае, антыкітайскія настроі ў Еўропе растуць. Прычым перахапіць тут ініцыятыву ў Кітая шанцаў няма - адсюль і «мірны план», мэта якога складаецца ў замарожванні вайны ва Украіне, каб унікнуць далейшых удараў па яго інтарэсах.

Стаўка на Блізкі Усход - фактычна спроба КНР перахапіць стратэгічную ініцыятыву ў супрацьстаянні з амэрыканцамі. Пагроза "кітайскага Блізкага Усходу" мае прымусіць ЗША выдаць частку рэсурсаў, каб адказаць на кітайскія крокі. Рэсурсаў эканамічных, вайсковых, дыпламатычных. Гэтыя рэсурсы давядзецца здымаць з іншых кірункаў - як мінімум памяншаючы ціск на Кітай ва Усходняй Азіі. Ясна, пакуль што значнай пагрозы для ЗША на Блізкім Усходзе няма. Але Кітай дакладна не спыніцца на дасягнутым і будзе толькі нарошчваць свае намаганні ў рэгіёне. Пакінуць гэтую небяспеку без увагі Вашынгтон не зможа, як бы скептычна тамака ні ставіліся да перспектывы страціць рэгіён.

На фоне вайны ва Украіне поўным ходам разгортваецца іншая - халодная вайна ЗША і КНР. Блізкі Усход стаў першай заяўкай на ператварэнне яе ў сапраўды глабальны канфлікт. І, магчыма, не апошняй.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках