Сядзіба Зяленскага заклікала краіны Рады бяспекі ААН байкатаваць пасяджэнні пад старшынствам РФ
6- 1.04.2023, 21:38
- 4,534
Расея, сама меней, мае быць пазбаўленая прысутнасці ў ААН.
Краіны-чальцы Рады бяспекі ААН маюць байкатаваць на працягу красавіка ўсякія пасяджэнні пад эгідай Расеі. Дзяржава-тэрарыст, якая парушае статут, мае быць пазбаўленая прысутнасці ў ААН.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на заяву дарадцы кіраўніка Сядзібы прэзідэнта Украіны Міхайлу Падаляка.
- Гэта не проста жарт. Гэта пэўныя юрыдычныя дзеянні. Гэта не жарт, гэта злом глабальнай сістэмы як такой... Мы гаворым сёння пра краіну, якая парушае артыкул 4 статута ААН, ключавы артыкул, базавы. Не можа дзяржава-сябра ААН пачынаць вайну без мандата ААН, - сказаў Падаляк.
Дарадца адзначыў, што Расея парушае статут, і сама меней мае быць пазбаўленая прысутнасці ў ААН.
- Таму мне здаецца, што краіны-сябры Рады бяспекі маюць гаварыць не пра жарт, а байкатаваць на працягу красавіка ўсякія пасяджэнні пад эгідай РФ, гэта значыць, не прыходзіць на гэтыя пасяджэнні... Гэта адзіны механізм, каб паставіць кропку ў гэтым нонсэнсе, - падкрэсліў Падаляк.
Нагадаем, Расея на працягу красавіка 2023 года будзе старшыняваць у Радзе Бяспекі ААН. Паводле ўмоў ратацыі яна зменіць Мазамбік.