У Арменіі перадумалі арыштоўваць Пуціна
21- 2.04.2023, 17:43
- 12,042
Аб гэтым заявілі ў партыі Пашыняна.
Кіроўная партыя Арменіі «Грамадзянская ўмова» заявіла, што не мерыцца арыштоўваць Уладзіміра Пуціна паводле ордэру Міжнароднага крымінальнага суда (МКС), калі ён зробіць візіт у краіну. Даўней дэпутат Нацыянальнага сходу Арменіі ад кіроўнай фракцыі Гагік Мелканян заявіў аб неабходнасці арышту Пуціна, калі той прыедзе ў Арменію.
Віцэ-старшыня парламента Арменіі Акоп Аршакян адзначыў, што партыя не мае і не мела такога намеру або жадання. Ён таксама не пагадзіўся з меркаваннем журналіста аб тым, што Арменіі давядзецца арыштаваць Пуціна пры ратыфікацыі Рымскага статута МКС, піша The Moscow Times.
«Пастанова Канстытуцыйнага суда не прызнае вінаватым нікога, ні ў якім пытанні і не патрабуе крокаў да арышту кагосьці. А ўрад Арменіі ў снежні 2022 года, вядома, не мог ні адгадаць, ні прадказаць імавернасць і змест канкрэтных пастаноў Міжнароднага крымінальнага суда ў сакавіку», - падкрэсліў чыноўнік.
Аршакян прапанаваў Расеі пагадненне або іншыя варыянты ўрэгулявання магчымых праблем праз пастанову суда. Ён запэўніў, што Ерэван пачуў асцярогі РФ і ахвочы працаваць над умацаваннем двустаронніх стасункаў.
Канстытуцыйны суд Арменіі ўхваліў ратыфікацыю парламентам Рымскага статута - асноўнага дакумента, паводле якога працуе Міжнародны крымінальны суд (МКС). Абавязанні, замацаваныя ў Рымскім статуце, не супярэчаць Канстытуцыі Арменіі, пастанавіў КС. Пастанова была канчатковай і ўвайшла ў дзеянне з моманту апублікавання.
Ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна МКС, як пісаў сайт Charter97.org, выдаў 17 сакавіка. Расейскага кіраўніка падазраюць ва ўчыненні ваеннага злачынства ва Украіне - дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з захопленых тэрыторый.