13 студзеня 2026, aўторак, 23:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Яны, як спартанцы ў Фермапілах, трымаюць абарону ўсёй Беларусі»

10
«Яны, як спартанцы ў Фермапілах, трымаюць абарону ўсёй Беларусі»

Пра стойкасць Паліны Шарэнды-Панасюк і іншых палітвязняў.

Дэпутаты Еўрапейскага парламента з фракцыі «Еўрапейскія кансерватары і рэфармісты» (ECR) заклікалі вызваліць актывістку грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паліну Шарэнду-Панасюк. Падкрэсліваецца, што ў калоніі ў Паліны моцна пагоршылася здароўе.

Ейны муж, актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Шарэнда расказаў сайту Charter97.org пра апошнія навіны ад Паліны і раскрыў сакрэт яе стойкасці нават у жорсткіх умовах.

- У апошнія чатыры месяцы ад Паліны даходзіць вельмі мала навін, інфармацыі. Мая жонка, як і многія палітвязні, якія не зламаліся і трымаюць далей абарону знаходзяцца ў інфармацыйным вакууме, практычна поўнай ізаляцыі.

Мы ведаем, што Паліна ўжо восьмы месяц знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ). Гэта першы такі выпадак. Ніхто з палітвязняў больш за шэсць месяцаў раней у ПКТ не знаходзіўся.

Рэч у тым, што ёй спачатку было прызначанае шэсць месяцаў ПКТ - гэта максімальны магчымы тэрмін. Але Паліна правяла таксама блізу 80 дзён у штрафным ізалятары, што не залічылася ў знаходжанне ў ПКТ. Так і атрымаліся гэтыя восем месяцаў.

Трэба разумець, што гаворка ідзе пра нечалавечыя ўмовы. Камера ПКТ крыху адрозніваецца ад карцара. Няўжо што тамака можна карыстацца мінімумам асабістых рэчаў і дазволеныя нейкія шпацыры.

Фактычна ПКТ гэта той жа карцар. Адсутнічае магчымасць карыстацца перадачамі, пасылкамі, нельга купляць прадукты ў турэмнай краме. Вось у такіх катавальных умовах мая жонка трымаецца ўжо колькі месяцаў.

- Чаму менавіта Паліну так доўга трымаюць у ПКТ і штрафным ізалятары?

- У яе вельмі шмат «парушэнняў». Частка з іх - правакацыі з боку адміністрацыі калоніі. Да таго ж Паліна катэгарычна адмаўляецца працаваць на рэжым Лукашэнкі ў любым варыянце. Адзінае прадпрыемства, якое працуе ў Зарэчанскай калоніі - гэта швейны цэх для шыцця формы для памежнікаў і іншых сілавікоў.

Зразумела, што Паліна ні пры якіх умовах не пагодзіцца на такі від працы. Больш за палову «парушэнняў» у яе менавіта праз гэта.

- Што вядома аб стане здароўя Паліны?

- З адрывістай інфармацыі, якая прыходзіць, вядома, што ў Паліны падае зрок. Яшчэ хачу заявіць, што ў жонкі ёсць хранічнае захворванне, звязанае з працай пячонкі. Для нармальнай працы пячонкі ёй трэба раз на паўгода прымаць курс прэпаратаў, але на ўсе нашы звароты з калоніі ідуць адпіскі, што нібы ўся меддапамога ёй надаецца і ў дадатковых леках яна не мае патрэбы. Па выніку ўжо больш за год Паліна не прымае жыццёва неабходныя прэпараты, што не можа не адбіцца на яе стане здароўя. Вядома, што ў Паліны абвастрыліся захворванні.

Скажу, што нам тры тыдні таму атрымалася ўсё ж адправіць медыцынскую бандэроль, якая належыць у тэрмінах, але зваротнай інфармацыі няма. Атрымліваецца, што пасылка недзе там затрымалася. Хаця звычайна дастаўка доўжыцца некалькі дзён. Тым не менш Паліна трымаецца. Яна застаецца нязломнай, трымае лінію і не здаецца.

- У чым сакрэт яе стойкасці?

- Ведаеце, Паліна ў супраціве ўжо два дзясяткі гадоў. Яна пачынала з «Маладога фронту», а характар яе загартаваўся ў руху «Зубр». Паліна - лідарка натурай, яе жыццё - барацьба. Цяпер у нечалавечых умовах ёй дапамагае трымацца ўнутраны стрыжань. Дарэчы, у жорсткіх умовах яна з самага пачатку зняволення, гэта значыць ужо 2,5 гады. Гэта проста каласальнае выпрабаванне.

Я заклікаю міжнародную супольнасць звярнуць увагу на сітуацыю з Палінай і іншымі палітвязнямі. Не маўчаць, а дзейнічаць.

- Ад аднаго з лідараў апазіцыі, палітвязня Мікалая Статкевіча няма ніякай інфармацыі ўжо больш за 70 дзён. Што можа з ім адбывацца?

- Лукашэнка дагэтуль не можа перажыць сваю паразу ў 2020-ым годзе. Усе ягоныя дзеянні не маюць поспеху. Яму не даюць спакою тысячы палітвязняў, якія працягваюць барацьбу ўнутры сістэмы. Здавалася б, яны знаходзяцца ў поўнай ізаляцыі, іх здароўе і лёсы ў руках рэжыму, але пры гэтым яны працягваюць адкрыты, яскравы супраціў. Адным з самых яскравых прыкладаў гэтага і ёсць Мікалай Статкевіч.

Ягоныя звароты з турмы, словы пра сітуацыю ў Беларусі, выказванні пра вайну з Украінай — гэта настолькі важна і дзейсна, што кожнае яго слова са зняволення разносіцца рэхам і для беларусаў з'яўляецца сімвалам барацьбы.

Статкевіч, Яўген Афнагель, Алесь Бяляцкі, мая жонка Паліна і іншыя палітвязні яны, як 300 спартанцаў у Фермапілах, трымаюць абарону ўсёй Беларусі за ўсіх нас зараз.

Лукашэнка разумее, што ягоны час ва ўладзе заканчваецца. У эканамічным плане ён практычна поўны банкрут. Ён хоча пачаць гандаль людзьмі з Захадам, але нашыя байцы не даюць яму гэта зрабіць сваёй непахіснай пазіцыяй.

Апошнія некалькі месяцаў рэжым Лукашэнкі пачаў апошні бой на знясіленне супраць палітвязняў. Ён пачаў фізічны ціск. Вядома, што большасць вядомых палітвязняў месяцамі не выпускаюцца з сутарэнняў штрафных ізалятараў, а іх сваякі знаходзяцца ў поўным няведанні.

Ідзе каласальны ціск на жонку Статкевіча Марыну Адамовіч, якая ўжо практычна тры месяцы без якой-небудзь інфармацыі пра яго. Гэта ўсё вельмі цяжка вытрымаць, але мы мусім трымацца, як нашы героі.

- Што мы можам зрабіць канкрэтна зараз для тваёй жонкі, Мікалая Статкевіча і іншых палітычных зняволеных?

- Трэба дабіваць рэжым Лукашэнкі. Мы бачым, як бы ні казалі праўладныя СМІ аб тым, што «санкцыі не працуюць», гэта зусім не так. Мы бачым, што эканоміка не функцыянуе, адзіны астатні партнёр у Лукашэнкі - гэта Расея. Але РФ зараз сама перажывае не найлепшыя эканамічныя часы. Яна блізкая да краху і баласт у выглядзе рэжыму Лукашэнкі ёй не патрэбны. Яго могуць выкінуць у кожны момант.

Мы, сваякі палітвязняў, павінны супрацьстаяць усім спробам рэжыму абысці санкцыі, зняць іх. У многіх палітвязняў ёсць апекуны, «хросныя» з Еўрапарламенту і іншых фракцый. Яны - наш шанец. Кожны сваяк палітвязня можа нават ананімна напісаць яго апекуну, каб ён змагаўся і не зніжаўся ціск на рэжым у Беларусі.

Гэта тое, што можа зрабіць кожны з нас. Заклікаю, напішыце еўрапейскім парламентарыям, палітыкам, заклічце да актыўных дзеянняў на міжнародным фронце і гэта, упэўнены, дапаможа выстаяць і нам, і тым, хто знаходзіцца ў зняволенні. Барацьба з Лукашэнкам ідзе.

Падтрымаць палітычную зяволеную можна на адрас: Паліна Сяргееўна Шарэнда-Панасюк, ПК № 24. 247526, вул. Вытворчая, 44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках