Выведка ЗША расказала, як доўга Расея зможа весці вайну
9- 27.04.2023, 9:18
- 14,744
Грошай засталося не так шмат.
Расея зможа фінансаваць ваенныя дзеянні ва Украіне як мінімум яшчэ адзін год, нягледзячы на жорсткія міжнародныя санкцыі, піша The Washington Post са спасылкай на сакрэтныя дакументы Пэнтагона, якія выцеклі ў Сеціва.
У адной са справаздач амэрыканскай выведкі, якая была падрыхтаваная на пачатку сакавіка гэтага года, гаворыцца, што не ўсе прадстаўнікі расейскай эканамічнай эліты згодныя з курсам Крамля ў дачыненні да Украіны, а шмат па кім з іх ударылі санкцыі.
Тым не менш яны наўрад адмовяцца ад падтрымкі прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і, "напэўна, будуць настойліва бараніць мэты Крамля ва Украіне", а таксама "дапамагаць Маскве абыходзіць санкцыі", мяркуе амэрыканская разведка.
У той жа час Крэмль, спрабуючы змякчыць эканамічны націск, усё больш спадзяецца на павышэнне карпарацыйных падаткаў, Фонд нацыянальнага дабрабыту, павелічэнне імпарту і здольнасць бізнэсу прыстасавацца да новых варункаў, зазначаецца ў справаздачы.
Аднак санкцыі прымушаюць усё больш турбавацца чыноўнікаў і нават прадстаўнікоў спецслужбаў. Так, са спасылкай на перахопленыя паведамленні амэрыканская выведка піша, што пасля ўвядзення абмежаванняў у дачыненні да Міжнароднага інвестыцыйнага банка, Міжнароднага банка эканамічнага супрацоўніцтва і Еўразійскага інвестыцыйнага банка міністр фінансаў Антон Сілуанаў папрасіў прэм'ера Міхаіла Мішусціна прадугледзець падтрымку арганізацый, каб унікнуць іх патэнцыйнага краху.
Згодна з іншым перахопам, супрацоўнікі Федэральнай службы бяспекі (ФСБ) былі ўстурбаваныя недастатковай колькасцю замежнай валюты ў расейскіх банках. Яны ж заклікалі ўрад трымаць у сакрэце ўгоды з кітайскімі партнёрамі, каб унікнуць другасных санкцый.
З нагоды магчымага спынення супрацоўніцтва з кітайскімі кампаніямі, як сцвярджае амэрыканская выведка, турбаваліся таксама супрацоўнікі заснавальніка ПВК "Вагнер" Яўгенія Прыгожына.
Задача санкцый не толькі ў тым, каб прычыніць шкоду расейскай эканоміцы, але і ў тым, каб стрымаць Расею, пакараць за вайну ва Украіне і паслаць сігнал, кажуць апытаныя WaPo эксперты. Паводле іхніх слоў, ацэнка амэрыканскай выведкі не ўлічвае іншыя чыннікі, якія ўплываюць на здольнасць Масквы весці баявыя дзеянні, напрыклад, выдатак баявых прыпасаў або набор новых жаўнераў.
Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін неаднаразова заяўляў, што заходнія санкцыі не дасягнулі сваіх мэт. «Відавочна, што яны спрабавалі не проста больш балюча ўдарыць па расейскай эканоміцы. Іх мэтай было пасеяць разлад, бязладдзе ў нашым грамадстве, дэмаралізаваць людзей. Але і тут яны памыліліся. Нічога не выйшла і, упэўнены, не выйдзе», - казаў Пуцін у ліпені мінулага года, піша The Moscow Times.