Літва абмяжуе дзейнасць двух кантрольных пунктаў на мяжы з Беларуссю
1- 27.04.2023, 13:03
- 13,724
Абмежаванні могуць увесці ўжо ў канцы года.
У Літве плануюць абмежаваць уезд праз два кантрольныя пункты на мяжы з Беларуссю праз тое, што там няма рантген-апаратаў для пошуку кантрабанды. Памежныя пераходы будуць працаваць толькі для легкавікоў у дзённы час. Пра гэта паведаміў кіраўнік Мытнага дэпартамента Літвы Дарус Жвіронас, піша Delfi.
Размова ідзе аб кантрольных пунктах "Цверач" і "Шумск" на мяжы з Беларуссю (сумежныя пункты — "Відзы" і "Лоша"). Раз яны не абсталяваныя рантген-апаратамі, там бесперашкодна праходзіць кантрабанда цыгарэт, схаваная ў пустых цяжкавіках, патлумачыў Жвіронас.
Паводле ягоных слоў, пасля рэканструкцыі пераходу "Меднікі" абодва "праблемныя пункты" будуць прапускаць толькі легкавікі і працаваць у дзённы час.
- Гэта дапаможа прадухіліць як карупцыю, так і кантрабанду, - заявіў кіраўнік дэпартамента.
Ён нагадаў, што іншыя вялікія памежныя пераходы працуюць 24 гадзіны:
- Калі ўначы сапраўды трэба, людзі прыедуць, зробяць рантген і правераць [транспарт].
Кіраўнік установы адзначыў, што закрыццё пунктаў для фурнгонаў магчымае ўжо ў канцы гэтага года.