13 студзеня 2026, aўторак, 22:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сямейны лекар у Польшчы: як абраць і запісацца на прыём

4
Сямейны лекар у Польшчы: як абраць і запісацца на прыём

Каб запісацца да кардыёлага ці артапеда, трэба наведаць сямейнага лекара і ўзяць накіраванне.

Карыстацца паслугамі бясплатнай медыцыны ў Польшчы могуць асобы, за якіх аплочваюцца страхавыя ўнёскі ў NFZ. Пералік медыцынскіх паслуг NFZ вызначаецца заканадаўча і ўключае ў сябе: экстраную дапамогу, паслугі лекараў-спецыялістаў, лабараторныя даследаванні і дыягностыку, суправаджэнне цяжарнасці і родаў, амбулаторнае лячэнне, лячэбную рэабілітацыю, стаматалагічную дапамогу і шэраг іншых паслуг, піша MOST. Поўны спіс, а таксама ўсе абнаўленні публікуюцца на сайце Міністэрства аховы здароўя Польшчы.

Як звярнуцца да лекара?

Калі размова ідзе аб планавай або кансультацыйнай медыцынскай дапамозе па NFZ, то першым крокам да атрымання медпаслуг стане візіт да сямейнага лекара.

Сямейны лекар - спецыяліст першаснай медыцынскай дапамогі (lekarz podstawowej opieki zdrowotnej - POZ), які замацаваны за канкрэтным чалавекам або ўсёй сям'ёй. Сямейны лекар праводзіць першасны агляд пацыента, выдае накіраванні на лабараторныя даследаванні і прымае пастановы аб далейшай стратэгіі лячэння. Напрыклад, адпраўляе на прыём да вузкіх спецыялістаў ці ў стацыянар.

Каб запісацца да кардыёлага ці артапеда, давядзецца наведаць сямейнага лекара і ўзяць накіраванне. Гэта тычыцца ўсіх спецыялістаў, за выключэннем: гінеколага і акушэра, анколага, псіхіятра, венеролага, стаматолага. Для кансультацыі гэтых лекараў накіраванне браць не трэба.

Уся гісторыя пацыента ў паліклініцы вядзецца ў электронным выглядзе. Для атрымання выпіскі з гісторыі хваробы дастаткова падаць запыт у рэгістратуру сваёй паліклінікі і атрымаць электронную ці друкаваную версію дакумента.

Як абраць сямейнага лекара?

Каб выбраць сямейнага лекара, неабходна звярнуцца ў любую паліклініку (przychodnia POZ), якая дзейнічае на падставе дамовы з NFZ.

Інфармацыя аб супрацоўніцтве медустановы з NFZ звычайна пазначаная на сайце паліклінікі, а таксама на самім будынку (лагатып на дзвярах або побач з імі). Спіс усіх паліклінік Польшчы, даступных праз NFZ, размешчаны на афіцыйным сайце.

Пры выбары паліклінікі ў Польшчы варта звярнуць увагу на наступныя моманты:

- Наколькі хутка і зручна вы зможаце дабрацца да медустановы;

- Ці ёсць у спісе паслуг паліклінікі тыя, якія неабходныя менавіта ў вашай сітуацыі. - Напрыклад, паслугі для дзяцей або дадатковая дыягностыка;

- Колькі дзён пасля запісу трэба чакаць прыёму лекара;

- Ці ёсць там лекары, якія разумеюць ці гавораць на вашай мове.

Апошні пункт значна спросціць камунікацыю, асабліва калі вы пераехалі зусім нядаўна і не ведаеце польскай мовы.

Як патрапіць на прыём да сямейнага лекара?

Да пачатку абслугоўвання неабходна зарэгістравацца ў базе пацыентаў абранай паліклінікі: запоўніць дэкларацыю (Deklaracja wyboru) і пацвердзіць права на бясплатнае абслугоўванне. У некаторых паліклініках вас могуць папрасіць таксама падпісаць згоду на выкарыстанне асабістых звестак.

У дэкларацыі ўказваюцца асабістыя звесткі пацыента, нумар PESEL, для школьнікаў і студэнтаў - месца вучобы, дата, подпіс, а таксама прозвішча абранага лекара, медсёстры ці акушэркі, калі гаворка ідзе аб вядзенні цяжарнасці.

Запоўніць дэкларацыю можна асабіста ў паліклініцы (бланкі звычайна ёсць на месцы) або праз электронны кабінет пацыента на афіцыйным сайце Міністэрства аховы здароўя Польшчы (спатрэбіцца Profil Zaufany).

Звесткі аб усіх асобах, якія маюць права на бясплатнае медыцынскае абслугоўванне ў Польшчы, захоўваюцца і штодня абнаўляюцца ў рэестры eWUŚ (Elektroniczna Weryfikacja Uprawnień Świadczeniobiorców) на падставе нумара PESEL.

Калі ў вас няма нумара PESEL або з нейкай прычыны звестак пра вас няма ў eWUŚ, сваё права на бясплатнае абслугоўванне можна пацвердзіць таксама: даведкай ZUS RMUA (выдае працадаўца), даведкай, якая пацвярджае аплату ўзнёскаў, страхавой картай з датай і пячаткай працадаўцы, даведкай з бюро аб працаўладкаванні для беспрацоўных, школьным ці студэнцкім пасведчаннем, дамовай з NFZ для асоб, якія застрахаваны добраахвотна.

Пасля рэгістрацыі вы становіцеся пацыентам паліклінікі і можаце запісвацца на прыём праз тэлефон ці пры асабістым візіце.

Як змяніць паліклініку?

Выбар сямейнага лекара - бясплатная працэдура. Два разы на год можна змяніць свой выбар і зарэгістравацца ў іншай паліклініцы (przychodnia) без дадатковай аплаты. Кожнае наступнае змяненне будзе каштаваць 80 злотых.

Для змены паліклінікі вам не трэба забіраць дакументы са старой, дастаткова зарэгістравацца ў той паліклініцы (przychodnia), куды вы хочаце перайсці. Уся гісторыя хваробы і прышчэпак перанясецца аўтаматычна.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках