Грыгорый Мясежнікаў: Зяленскі праінфармаваў Сі перад пачаткам наступу
4- 27.04.2023, 20:34
- 30,676
Што стаіць за размовай прэзідэнта Украіны і кіраўніка КНР.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўпершыню з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі правёў размову з кіраўніком Кітая Сі Цзіньпінам у сераду, 26 красавіка.
Што можа азначаць гэтая размова? Сайт Charter97.org спытаў у славацкага палітолага, прэзідэнта Інстытута грамадскіх праблем (IVO) (Братыслава) Грыгорыя Мясежнікава.
- Як я ўчора даведаўся са СМІ, не ведаю, наколькі гэта дакладная інфармацыя, тэлефанаванне было з ініцыятывы Зяленскага. Калі гэта сапраўды так, то гэта пэўным чынам паказвае, што Украіна зрабіла пэўны крок насустрач Пекіну. З пачатку поўнамаштабнага ўварвання прайшло ўжо больш за год, Сі Цзіньпін за гэты час нават у Маскве пабываў, але з Украінай не меў стасункаў. Уласна, Кітай палітычна падтрымаў Расею, ёсць інфармацыя, што ён нават дапамагае Маскве абыходзіць санкцыі.
У гэтай сітуацыі Зяленскаму, напэўна, было важна данесці да ведама Кітая, што Украіна пільнуецца ўсіх тых пазіцый, якія дагэтуль займала, гэта значыць поўны суверэнітэт, тэрытарыяльная цэласнасць і вывад расейскіх войскаў. Мяркуючы з усяго, перад наступам ён хацеў праінфармаваць кітайскага лідэра, што Украіна сур'ёзна мерыцца заняцца пытаннем поўнага вызвалення сваіх тэрыторый.
Я думаю, што для Кітая было карысна даведацца, што Украіна не ўважае цяперашні статус-кво за магчымы для нейкага замарожвання. Але мы не маем поўнай інфармацыі аб змесце размовы Сі і Зяленскага. Наколькі я ведаю з мэдый, там абмяркоўвалася таксама збожжавая ўгода. Нібыта Пекін у гэтым пытанні выявіў разуменне пазіцый Кіева. Але што да паведамленняў з самога Кітая, цяжка меркаваць, ці змянілася яго пазіцыя. Я думаю, што ён далей адназначна стаіць на баку Расеі. Адсюль вынікае, што Пекін не можа быць ніякім пасярэднікам, улічваючы яго падтрымку РФ на палітычным і дыпламатычным узроўні.
- Спецыяльным прадстаўніком Кітая ва Украіне будзе экс-амбасадар у РФ. Пра што гэта сведчыць?
- Гэта таксама пэўны сігнал. Само сабой гэта яшчэ не азначае, што Кітай будзе ціснуць на Украіну з дапамогай свайго былога амбасадара ў Расеі. Кітай зазвычай спрабуе ўсё сістэматызаваць, магчыма таму абраў чалавека, які добра знаёмы з Расеяй. Але я мяркую, што гэтага недастаткова для таго, каб прадстаўляць краіну ва Украіне. Было б няблага, калі б амбасадарам быў чалавек, які ведае Украіну, украінскую нацыю, культуру ды іншае. Напэўна, у Кітаі ёсць такія спецыялісты. Але што можна чакаць ад дыктатарскага рэжыму, таталітарнай дзяржавы, якая ў прынцыпе сваімі асноўнымі характарыстыкамі падобная да расейскага рэжыму?
— У размове Сі зноў згадаў аб «ядзернай вайне». Чаму Кітай так трапятліва ставіцца да тэмы ядзернай зброі?
- У гэтых аспекце Кітай не зацікаўлены ў распаўсюджванні ядзернай зброі, бо паблізу могуць пачацца бескантрольныя працэсы. Узяць тую ж Паўночную Карэю, для Кітая гэта галаўны боль, хоць менавіта дзякуючы Кітаю Паўночная Карэя ўвогуле выжывае як дзяржава. Але тое, што там ёсць ядзерная зброя, для Пекіна, вядома, непрыемны факт. Плюс Паўднёвая Карэя мае добра развітыя ядзерныя тэхналогіі. Тайвань, на які Кітай прэтэндуе, гэта таксама краіна, якая развівае ядзерныя тэхналогіі. У гэтым аспекце пазіцыя Кітая вельмі асцярожная.
Выкарыстанне ядзернай зброі Расеяй падважыла б аўтарытэт самога Кітая. Цяпер мае хаджэнне такі наратыў (і я з ім згодны), што Расея падпадае пад васальную залежнасць ад Кітая ў шмат якіх пытаннях. Сама Расея гэта не надта хавае. У прапагандысцкіх шоў расейскія дзеячы ўвесь час кажуць: «Вось, мы хаўруснікі з Кітаем, мы складаем большасць насельніцтва зямной кулі, у тым ліку разам з ім». Вядома, калі васал або краіна, якая знаходзіцца ў стане васальнай залежнасці ад Кітая ў шматлікіх галінах, раптам скарыстаецца ядзернай зброяй, то для сюзэрэна, краіны, якая дамінуе ў стасунках, гэта будзе не вельмі добры сігнал аб здольнасці гэтай дзяржавы трымаць на павадку свайго васала .
- Ці можа Кітай перашкодзіць размясціць на тэрыторыі Беларусі ядзерную зброю?
- Я наогул не ўпэўнены, што Кітай мае такую амбіцыю. Расея, мусіць, нейкім чынам Кітай паінфармавала аб гэтым. Хаця мы ведаем, што падчас візіту Сі Цзіньпіна быў падпісаны мемарандум, у якім стораны пацвердзілі прынцып нераспаўсюджвання ядзернай зброі, нават пра неразмяшчэнне там было, калі я не памыляюся. Ва ўсякім разе, я не бачу нейкіх сігналаў, якія б сведчылі пра тое, што Кітай нейкім чынам перашкаджаў бы Расеі гэта зрабіць.
Зразумела, што з пункту гледжання агульнай бяспекі было б добра, калі б Кітай свайго васала крыху прыструніў. Але Пуцін мае аргумент, што гэтая ўнутраная справа «саюзнай дзяржавы», ён увесь час гэтым карыстаецца, што ў Расеі і Беларусі агульная палітыка бяспекі і абароны. . Так што Кітай, мусіць, у гэты працэс не будзе наўпрост умешвацца.
Плюс да гэтага Вы, напэўна, зарэгістравалі выказванні кітайскага амбасадара ў Францыі, якія тычыліся ўвогуле ўсіх постсавецкіх дзяржаў. І ў выпадку з Беларуссю падтрымка гэтай хімеры "саюзнай дзяржавы", якую Пуцін безупынна развівае, з боку Кітая відавочная, ён, уласна, з гэтым згодны, і падтрымлівае такі падыход.