У Беларусі ўвялі новыя правілы продажу лекаў праз Інтэрнэт
- 20.05.2023, 11:33
- 4,358
Як гэта будзе працаваць?
Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала пастанову ад 3 траўня 2023 г. №69 «Аб раздробнай рэалізацыі лекавых прэпаратаў дыстанцыйным спосабам». У ім зацверджаныя правілы і ўмовы продажу лекаў дыстанцыйным спосабам праз інтэрнэт-аптэкі, паведамляе «Тэлеграф».
Згодна з дакументам, прадаваць лекі ў сетцы змогуць юрыдычныя асобы, якія маюць спецыяльную ліцэнзію на ажыццяўленне фармацэўтычнай дзейнасці дыстанцыйным спосабам. Прадаваць яны змогуць толькі безрэцэптурныя лекавыя прэпараты. Аднак пад забаронай застануцца спіртазмяшчальныя з дзеллю этылавага спірту звыш 25%.
У Міністэрстве аховы здароўя растлумачылі, што ў інтэрнэт-аптэках можна будзе атрымаць кансультацыю перад набыццём. А дастаўку лекаў будуць ажыццяўляць як кур'еры аптэк, так і кур'ерскія службы.
У ведамстве ўдакладнілі, што прадаваць лекі змогуць толькі самі інтэрнэт-аптэкі, а не сайты-агрэгатары, якія збіраюць інфармацыю аб усіх аптэках і наяўнасці лекаў у іх.
«Дзяржфармнагляд» сфармуе пералік юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць раздробную рэалізацыю лекавых прэпаратаў дыстанцыйным спосабам. З ім змогуць азнаёміцца і ўсе беларусы, што на думку Міністэрства аховы здароўя выключыць або моцна знізіць імавернасць з'яўлення фэйкавых онлайн-аптэк.