F-16 для Украіны: ЗША далучыліся да «кааліцыі знішчальнікаў»
3- 20.05.2023, 12:54
- 5,472
Пытанне аб колькасці пастаўленых самалётаў будзе разгледжанае ў найбліжэйшыя месяцы.
Палітыка ЗША ў пытанні паставак узбраенняў Украіне не змянілася, а пастанова Белага дома падтрымаць «кааліцыю знішчальнікаў» адпавядае развіццю ваеннай сітуацыі, заявіў журналістам дарадца прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван у суботу, 20 траўня, піша CNN.
«Нічога не змянілася. Наш падыход да выдачы Украіне зброі, дапамогі і навучання адпавядае развіццю вайны», - адказаў Саліван на пытанне журналістаў, якія нагадалі, што ў лютым прэзідэнт Джо Байдэн казаў аб адсутнасці неабходнасці перадаваць Кіеву знішчальнікі F-16.
«У лютым прэзідэнт меў на ўвазе, што мы сканцэнтраваны на выдачы Украіне ўсяго, што ёй неабходна для правядзення паспяховага контрнаступу. Гэта быў мікс з розных тыпаў узбраення. F-16 не ўваходзілі ў гэты мікс», - падкрэсліў Саліван.
«Цяпер, калі мы паставілі ўсё, што абяцалі паставіць, мы падышлі да моманту, калі час паглядзець у будучыню і зразумець, што Украіне спатрэбіцца ў складзе будучых сіл для абароны ад расейскай агрэсіі. Часткай гэтага з'яўляюцца знішчальнікі чацвёртага пакалення F-16», - растлумачыў Саліван, які не стаў каментаваць, колькі часу зойме падрыхтоўка ўкраінскіх пілотаў, і калі можа быць прынятая канкрэтная пастанова аб пастаўцы самалётаў Кіеву.
ЗША падтрымаюць планы падрыхтоўкі ўкраінскіх пілотаў на F-16
Напярэдадні стала вядома, што Вашынгтон падтрымае планы падрыхтоўкі ўкраінскіх пілотаў на знішчальніках F-16 амерыканскай вытворчасці. Са звестак СМІ, працэс навучання будзе праходзіць у Еўропе, пачнецца, магчыма, у найбліжэйшыя тыдні і працягнецца некалькі месяцаў.
«Па меры таго, як навучанне будзе праходзіць найбліжэйшыя месяцы, мы будзем працаваць з нашымі супольнікамі, каб вызначыць, калі будуць пастаўленыя самалёты, хто будзе іх пастаўляць і колькі», - паведаміў Саліван.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі напісаў у Twitter, што вітае «гістарычную пастанову Злучаных Штатаў і Джо Байдэна». «Разлічваю абмеркаваць практычную рэалізацыю гэтай пастановы на саміце G7 у Хірасіме», – дадаў ён.