9 снежня 2024, панядзелак, 20:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кітай адхрысціўся ад патрабавання пакінуць РФ акупаваныя тэрыторыі

14
Кітай адхрысціўся ад патрабавання пакінуць РФ акупаваныя тэрыторыі

У кітайскім МЗС зняпраўдзілі сцвярджэнні газеты The Wall Street Journal.

У Кітаі заявілі, што не прапаноўвалі пакінуць за Расеяй захопленыя ўкраінскія тэрыторыі. У МЗС зняпраўдзілі інфармацыю газеты The Wall Street Journal (WSJ).

Раней амерыканскае выданне сцвярджала, што кітайскі пасланнік Лі Хуэй падчас еўрапейскага турнэ выставіў еўрапейскім чыноўнікам жорсткія патрабаванні: Расея павінна захаваць за сабой акупаваныя тэрыторыі ў выніку мірнага ўрэгулявання вайны ва Украіне.

«Міністр замежных спраў Украіны публічна заявіў, што ён устанавіў кантакты з усімі бакамі, і ніводзін з іх не ўказваў на тое, што спецпрадстаўнік Лі Хуэй рабіў заявы, пра якія паведамляе Wall Street Journal», - заявіла прэс-сакратарка МЗС Кітая Мао Нін. (цытата па CNN).

У ведамстве таксама паведамілі, што Хуэй падрабязна выклаў еўрапейскім чыноўнікам пазіцыю Кітая і «ўмацаваў міжнародны кансэнсус» падчас сустрэчы з бакамі ў стаўленні да вайны ва Украіне.

Кітайскі пасланнік наведаў Варшаву, Берлін, Парыж і Брусэль. Дыпламат і былы амбасадар у Маскве заклікаў як мага хутчэй скончыць расейска-ўкраінскі канфлікт і не дапусціць яго разрастання. Аднак у краінах ЕЗ ідэі Хуэя сустрэлі без энтузіязму, казалі крыніцы WSJ. «Мы патлумачылі, што замарожванне канфлікту не ў інтарэсах сусветнай супольнасці, калі толькі не адбудзецца вывад расейскіх войскаў [з Украіны]», - сказаў газеце дыпламат, які гаварыў з Лі.

Ён дадаў, што кітайскаму пасланцу далі зразумець, што «падзяліць Еўропу і Амерыку немагчыма», а еўрапейская падтрымка Украіны працягнецца.

Як растлумачылі суразмоўцы WSJ, у Кітаі спадзяюцца, што Расея не саступіць у вайне і ёй не давядзецца звяртацца да ядзернай зброі. У Еўразвязе сумняваюцца, што Пекін можа быць бесстароннім пасярэднікам у перамовах, улічваючы яго цесныя сувязі з Масквой, сказалі крыніцы выдання. Хоць цалкам адхіляць мірныя ініцыятывы Кітая ў ЕЗ пакуль не гатовыя.

Лі Хуэй таксама прыязджаў ва Украіну. У Кіеве кітайскаму дыпламату заявілі, што перамоваў з Расеяй не будзе датуль, пакуль расейскія войскі акупуюць украінскую тэрыторыю. Спецпрадстаўніку Кітая таксама далі зразумець, што «тэрытарыяльных кампрамісаў не будзе», растлумачыў у інтэрв'ю «Інтэрфакс-Украіна» кіраўнік офіса прэзідэнта Андрэй Ярмак.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках