У Сахашчыка ў Празе скралі дзве сумкі з асабістымі дакументамі
57- 29.05.2023, 19:16
- 29,280

Ён падазрае КДБ.
Падчас візіту ў Прагу ў кіраўніка Дэпартамента нацыянальнай бяспекі ў складзе Аб'яднанага пераходнага кабінета Валерыя Сахашчыка ўзламалі аўтамабіль - зніклі дзве сумкі з дакументамі. Пра гэта палітык паведаміў 29 траўня ў сваім тэлеграм-канале.
Сталіцу Чэхіі Валерый Сахашчык наведаў на мінулым тыдні. Там ён сустрэўся з шэрагам еўрапейскіх палітыкаў, якія займаюцца пытаннямі абароны. Вынікам гутарак сталі ўкладзеныя дамоўленасці аб абмене інфармацыяй у сферы бяспекі Беларусі і рэгіёну, аб супрацоўніцтве з мэтай прадухілення ваенных і гібрыдных пагроз у дачыненні да Беларусі і суседніх дзяржаў, а таксама аб супрацьдзеянні спробам Расеі выкарыстоўваць Беларусь у мэтах ядзернага шантажу.
«Паспяховасць праведзенай працы падкрэслівае той факт, што падчас паездкі быў узламаны аўтамабіль Валерыя Сахашчыка і скрадзеныя дзве торбы з асабістымі дакументамі. Аналіз здарэння, праведзены на месцы чэшскімі спецыялістамі, указвае на працу спецслужбаў. Відавочна, што КДБ пачынае нервавацца, а там, дзе нервы, непазбежна з'яўляюцца і памылкі», - напісаў Сахашчык у сваім тэлеграм-канале.