Мянчук з падробленым пашпартам і 19 SIM-карткамі прадаваў украдзеныя аўтамабілі
3- 31.05.2023, 11:05
- 4,182
Ён падмануў як мінімум трох чалавек.
Мянчук прадаваў праз інтэрнэт красоверы-двайнікі, выкарыстоўваў падроблены пашпарт і чужы мабільны нумар, расказаў намеснік начальніка ўправы Следчага камітэта Гомельскай вобласці Аляксандр Грынькоў.
Мянчук падмануў як мінімум трох чалавек. Ён прадаваў праз інтэрнэт Hyundai Palisade, Hyundai Sonata і Kia Sportage на расейскіх нумарах. Аўтамабілі былі з крымінальнай гісторыяй .
«Каб засцерагчы сябе, ён набыў падроблены пашпарт са сваёй фатаграфіяй, але на імя законнага ўладальніка аднаго з аўтамабіляў, якія ім прадаваліся, і называўся ягоным імем. Акрамя таго, для продажу аўтамабіля выкарыстаў зарэгістраваны на падстаўную асобу нумар мабільнага тэлефона, які падаваў у аб'яве. Дарэчы, агулам у справе былі забраныя 26 мабільных тэлефонаў і 19 SIM-картак. Правяраецца выкарыстанні іх у крымінальных мэтах», - расказаў Грынькоў.

Адзін пакупнік - расеец - змог паставіць аўтамабіль на ўлік у РФ. Але праз тыдзень высветлілася, што на самаходзе перабітыя нумары - раней яго выкралі. Падробленыя VIN-нумары маюць і астатнія два самаходы. Гэта двайнікі, гэта значыць, іх ідэнтыфікацыйныя нумары супадаюць з двума іншымі чыстымі аўтамабілямі.
Канфіскаваныя яшчэ два аўтамабілі BMW X3 і KIA K5, на якія прызначаныя экспертызы для высвятлення сапраўднасці ідэнтыфікацыйных нумароў. Правяраецца версія аб тым, што гэтыя аўто таксама былі выкрадзеныя раней і рыхтаваліся да продажу. Быў затрыманы і супольнік абвінавачанага - жыхар Баранавічаў, які змяніў ідэнтыфікацыйны нумар у Kia Sportage.
Распачатая крымінальная справа паводле ч.4 арт.209 КК — "Махлярства, учыненае на вельмі вялікую суму". Мужчына знаходзіцца пад вартай. На жыхара Баранавічаў пачалі справу паводле арт.381 КК (Падробка ідэнтыфікацыйнага нумара транспартнага сродку).
Нагадаем, затрымалі прадпрымальнага менчука ў Чавусах. Тады паведамлялася, што ахвярамі падману сталі расеец і беларус. Hyundai Palisade адным з іх была набытая за 50 тысяч даляраў.