«Польшча б'е па ценявым бізнэсе рэжыму Лукашэнкі»
14- 31.05.2023, 15:38
- 26,988
Закрыццё пераходаў - гэта сігнал, што дзейнічаць трэба жорстка.
З 1 чэрвеня Польшча закрывае мяжу для грузавікоў на расейскіх і беларускіх нумарах. Пастанова прадугледжвае, што «да асаблівага распараджэння» Польшча не будзе прапускаць праз Беларусь да сябе грузавыя аўтамабілі, седлавыя цягачы, прычэпы і паўпрычэпы, зарэгістраваныя на тэрыторыі Беларусі і Расеі.
Гэты крок МУС Польшчы падрыхтавала разам з санкцыямі супраць 365 беларускіх чыноўнікаў у адказ на зняволенне актывіста польскай меншасці ў Беларусі, сустаршыні Саюза палякаў Беларусі Анджэя Пачобута.
Ці моцны гэта ўдар па рэжыме? Сайт Charter97.org паразмаўляў з актывістам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» з Берасця Андрэем Шарэндам.
- Гэта сур'ёзны ўдар па рэжыме Лукашэнкі. Перавозкі ў Польшчу выкарыстоўваюцца партманэтамі рэжыму для кантрабанды тавараў. Не сакрэт, што разам з бяскрыўднымі таварамі ў Польшчу ішлі цыгарэты, якія складаюць ільвіную дзель нелегальнага заробку рэжыму і набліжаных да яго бізнэсоўцаў. Гэта ўдар па ценявым бізнэсе.
Як сваяк палітвязні я ведаю, што праз аўтаперавозкі ідуць тавары, якія непасрэдна вырабляюць беларускія палітвязні. Не раз у крамах IKEA ў Польшчы заўважалі тавары, якія робяць у беларускіх турмах. Гэта абуральны доказ таго, што Еўразвяз дагэтуль патурае рэжыму.
Закрыццё пераходаў - гэта сігнал, што дзейнічаць трэба жорстка, каб спыніць усе спробы беларускіх уладаў зарабіць у Еўразвязе.
- Як пастанова Польшчы паўплывае на прымежнае Берасце?
- Трэба разумець, што толькі набліжаныя да цела Лукашэнкі маглі сабе дазволіць гандаль з ЕЗ. Толькі абраныя. На простым бізнэсе гэта не так моцна адаб'ецца.
Апошнім часам дальнабойшчыкі былі вымушаны стаяць у чэргах па некалькі дзён, у многіх адпала жаданне ехаць менавіта ў ЕЗ. Кіраўніцтва, натуральна намагала, што нехта павінен гэта рабіць, кіроўцы рабілі гэта неахвотна. Цяпер на гэтым будзе пастаўленая тлустая кропка, нехта нават успрыме гэту пастанову з палёгкай.
Бо Берасце таксама пакутавала ад гэтых чэргаў, якія не давалі праехаць людзям. Думаю, берасцейцы з радасцю ўспрымуць гэты факт, бо знікне шматкіламетровая чарга.
- Польшча выкарыстоўвае гэты метад ціску для вызвалення лідара Саюза палякаў Беларусі Анджэя Пачобута. Як муж палітычнай зняволенай, ці падтрымліваеце вы такія захады, ці могуць яны вызваліць вязняў рэжыму?
- Метад ціску - адзіны правільны варыянт для вызвалення палітвязняў. Жорсткая пазіцыя ўсіх краін можа вызваліць вязняў рэжыму. А гэта магчыма толькі тады, калі рэжым Лукашэнкі сыдзе і ад яго не застанецца і следу.
Пазіцыя Польшчы аб вызваленні Анджэя Пачобута мусіць стаць прыкладам таго, як трэба змагацца за сваіх грамадзян і суайчыннікаў. Няхай у Анджэя Пачобута пашпарт Беларусі, але ён актыўны ўдзельнік Саюза палякаў і паляк нацыянальнасцю.
Карыстаючыся выпадкам хачу заклікаць улады Польшчы (я ведаю, што яны чытаюць сайт Charter97.org) патрабаваць не толькі вызвалення Андрэя Пачобута, але і ўсіх палітвязняў. Прашу Польшчу стаяць да канца, патрабаваць поўнага вызвалення ўсіх вязняў рэжыму.
- Польскі генерал Вальдэмар Скшыпчак заявіў, што ў Беларусі будзе паўстанне і да яго трэба рыхтавацца, а таксама падтрымаць яго. Як вы думаеце, ці баіцца Лукашэнка такога сцэнару?
- Тое, што адбываецца ў сілавых структурах Беларусі, паказвае, што Лукашэнка баіцца гэтага сцэнару. Сілы спецыяльных аперацый поўнасцю пераарыентаваныя на барацьбу з дыверсійнымі групамі. Ідзе навучанне, каб змагацца не з замежным ворагам, а менавіта з унутраным. Найбольш сілавыя структуры баяцца паўстання ўнутры краіны, а таксама, што яго падтрымаюць звонку. Усе спецслужбы сур'ёзна разглядаюць, што полк Каліноўскага і іншыя добраахвотніцкія фармаванні могуць увайсці на тэрыторыі Беларусі. Гэта рэальны спосаб для таго, каб атрымаць свабоду.
Я не з чутак ведаю, што многія беларусы ўнутры краіны сочаць за нашымі добраахвотнікамі ва Украіне і ўскладаюць свае спадзяванні на тое, што ў «гадзіну Х» яны дапамогуць нашай агульнай рэвалюцыі і ўвойдуць у Беларусь. Думаю, што міратворчы кантынгент NATO ці прамое ваеннае ўмяшанне будуць разглядацца беларусамі як вызваленне народа. Большасць у нашай краіне супраць рэжыму і чакаюць усялякай магчымасці, каб пазбавіцца яго.