Шустэр: Пераварот у Беларусі будзе, а NATO давядзецца яго падтрымаць
24- 31.05.2023, 16:51
- 16,692
Беларусы не дадуць сваёй краіне стаць часткай РФ.
Журналіст і тэлевядоўца Савік Шустэр мяркуе, што ў Беларусі адбудзецца пераварот. Пра гэта ён распавёў у інтэрв'ю галоўнай рэдактарцы выдання «Гордон» Алесі Бацман у каментары заявы былога камандуючага наземнымі войскамі Польшчы генерала Вальдэмара Скшыпчака аб такой магчымасці.
23 траўня Скшыпчак, рэагуючы на з'яўленне ў Белгародскай вобласці РФ падраздзяленняў легіёна «Свабода Расіі» і «Рускага добраахвотніцкага корпуса», дапусціў, што «такія акцыі неўзабаве могуць прайсці і на тэрыторыі Беларусі». Ён выказаў надзею, што ў Беларусі гэта прывядзе да паўстання, і сказаў, што «Лукашэнка гэтага баіцца».
«Чамусьці мне здаецца, што ён мае рацыю», - адрэагаваў Шустэр.
Ён працягнуў, што NATO «з гэтай гісторыі не зможа выйсці сухім з вады» і Альянсу давядзецца ўдзельнічаць у гэтых працэсах.
«Беларускія хлопцы ваююць у шэрагах украінскага войска разам з украінцамі. Я некаторых хлопцаў з беларускай апазіцыі сустракаў у Вільні, іх сябры - на фронце ва Украіне. Увогуле, гэта ўсё хлопцы… Яны такія, яны, праўда, здымаюць красоўкі і становяцца на лавачку падчас пратэстаў, каб не выпацкаць лавачку, гэта праўда, што яны такія далікатныя, такія законапаслухмяныя. Але з іншага боку, яны вельмі шануюць сваю незалежнасць і свабоду. Асабліва - маладое пакаленне, гэта адчуваецца, гэта праўда. І я думаю, што вельмі шмат хто. Не пятая калона, там яна вялізная, мы разумеем, што туды насадзілі столькі агентаў расейскіх, што [яны] усюды: і ў Генеральным штабе, і ў мінабароны, і Лукашэнка - увогуле, усе», - адрэагаваў тэлевядоўца.
Паводле ацэнкі Шустэра, насельніцтва Беларусі не дапусціць, што «незалежнасць, свабода проста сыдуць» і краіна стане часткай Расеі.
«Улада Лукашэнкі ўжо пачынае звяртацца да такіх метадаў, якія ўвогуле нікога не спыняць, таму я згодны з міністрам Польшчы: гэта будзе. Я не ведаю, ці будзе гэта вайсковы пераварот ці які-небудзь яшчэ пераварот. Ну, хлопцы са зброяй нарэшце. Гэта ў 2020 годзе было без зброі, а цяпер са зброяй, таму гэта іншая гісторыя», - рэзюмаваў тэлевядоўца.