Апазіцыя ў ПАР заклікае арыштаваць Пуціна, калі ён прыедзе ў краіну
5- 31.05.2023, 18:35
- 3,600
У Дэмакратычным альянсе заявілі, што краіна мусіць выконваць свае абавязацельствы.
Вядучая апазіцыйная партыя ПАР «Дэмакратычны альянс» заклікае ўлады арыштаваць расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна, калі ён прыедзе ў краіну. Пра гэта сказана ў заяве на a target="_blank" href=https://www.da.org.za/2023/05/da-launches-court-application-to-compel-the-arrest-of-putin-in-south-africa>сайце партыі.
Палітсіла падала пазоў у суд з патрабаваннем затрымаць Пуціна і перадаць яго Міжнароднаму крымінальнаму суду, калі ён з'явіцца ў ПАР на саміце БРІКС у жніўні. У «Дэмакратычным альянсе» заявілі, што краіна павінна выконваць свае абавязацельствы ў адпаведнасці з Рымскім статутам, а «сага Аль-Башыра не павінна паўтарыцца».
Як піша Politico, у 2015 годзе ўрад ПАР не перашкодзіў тагачаснаму прэзідэнту Судана Амару аль-Башыру пакінуць краіну пасля саміту Афрыканскага саюза, нягледзячы на два ордэры МКС за генацыд і ваенныя злачынствы ў рэгіёне Дарфур. Аль-Башыр быў адпраўлены ў адстаўку і арыштаваны ў 2019 годзе.
Міністр у пытаннях дзяржпрадпрыемстваў ПАР Абед Бапела заявіў, што краіна хоча змяніць заканадаўства, каб мець права вызначаць, ці арыштоўваць кіраўнікоў дзяржаў паводле ордэра МКС.
Таксама ПАР пастанавіла даць «дыпламатычны імунітэт» для дзвюх сустрэч афіцыйных асоб, якія прадстаўляюць краіны БРІКС.
ПАР запрасіла расейскага дыктатара Пуціна ўзяць удзел у саміце БРІКС у жніўні. У той жа час 17 сакавіка Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на ягоны арышт паводле справы аб дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у РФ. У Крамлі гавораць, што яшчэ канчаткова не вызначылі, ці паедзе дыктатар.