«Плата для рэжыму ў Беларусі можа быць вельмі высокай»
7- 1.06.2023, 10:10
- 8,912
Што страціць Беларусь праз новыя транспартныя абмежаванні з боку Польшчы.
Польшча з 1 чэрвеня прыпыніла рух праз польска-беларускую мяжу зарэгістраваных у Беларусі і Расеі фур з таварамі. Як мінімум некаторыя перавозчыкі мяркуюць, што праз прынятую пастанову «лягчэй не стане нікому».
Экспэрты «Кошт урада» прааналізавалі, хто больш за ўсё страціць у фінансавым плане праз чарговыя транспартныя абмежаванні - Менск ці Варшава.
З 1 чэрвеня ў Польшчу праз адзіны пункт пропуску «Казловічы» («Кукурыкі» з польскага боку), які дзейнічаў да гэтага для грузавікоў, не будуць заязджаць ні фуры, ні паўпрычэпы з Беларусі і Расеі. Прычым размова ў тым ліку аб грузавых аўтамабілях, цягачах, прычэпах, у тым ліку паўпрычэпах, і аўтацягніках. Да асаблівага распараджэння забаронены ўезд грузавога транспарту, які зарэгістраваны на тэрыторыі Беларусі і Расеі.
Да цяперашняга абмежавання Еўразвязам ужо былі забароненыя аўтамабільныя грузаперавозкі (у тым ліку транзітныя) для беларускіх і расейскіх кампаній. У ЕЗ беларускія фуры перамяшчаліся толькі са спецыяльнымі пропускамі. Такія пропускі маглі атрымаць, напрыклад, фармацэўтычныя, медыцынскія, сельскагаспадарчыя кампаніі.
Пастанову аб абмежаваннях з 1 чэрвеня ў Польшчы прынялі ў той дзень, калі Вярхоўны суд Беларусі пакінуў без задавальнення апеляцыю журналіста міжнароднага канала грамадскай тэлевізіі Польшчы Polonia, актывіста Саюза палякаў Беларусі Анджэя Пачобута, прысуджанага да васьмі гадоў калоніі.
Хто больш страціць ад абмежаванняў - Менск ці Варшава?
«З 1 чэрвеня на беларуска-польскай мяжы адбыліся дастаткова сур'ёзныя змены, Польшча цалкам забараніла ўезд на сваю тэрыторыю для вялікагрузных аўтамабіляў з беларускімі і расейскімі нумарамі. Будзем называць рэчы сваімі імёнамі: узнікла гэтая забарона з асаблівых палітычных прычын. Трэба аддаць належнае польскай старане - яна паказала, што гатовая пайсці на шмат якія крокі, абараняючы актывіста Саюза палякаў Беларусі Анджэя Пачобута», - адзначаюць экспэрты «Кошт урада».
Яны прааналізавалі, наколькі балючымі гэтыя змены будуць для Беларусі.
«Калі мы вывучым дынаміку замежнага гандлю нашых краін са студзеня да сакавіка за апошнія тры гады, то ўбачым некалькі важных момантаў. Першы - беларускі экспарт у Польшчу за апошнія гады значна ўпаў - з 532 млн даляраў (тут і далей гаворка ідзе аб прамежку са студзеня да сакавіка) у 2021 годзе да 162 млн даляраў у 2023-м. Гэтае падзенне большае як утрая нельга назваць інакш як катастрафічным. Прычым адбыўся ўдар не толькі па гандлёвай, але і па транспартнай сферы, якая дастаўляла грузы ў Еўропу», - удакладняюць экспэрты.
Другі момант - імпарт з Польшчы ў Беларусь за гэты ж перыяд часу значна вырас.
«Прычым калі пасля пачатку вайны, у 2022 годзе, ён упаў да 350 млн даляраў, то ўжо ў гэтым павялічыўся практычна ўдвая - да 650 млн даляраў, нават нягледзячы на санкцыі. Відавочна, што ў гэтым прыкметным скачку мы бачым не толькі пастаўкі ў Беларусь. Нямала тавараў зараз забароненыя да ўвозу ў РФ. Але пакуль гэтыя санкцыі не закранулі Беларусь, натуральна, беларускі бок не прамінуў гэтым скарыстацца», — адзначаюць аналітыкі.
Трэці момант - для Беларусі застаецца ўсё менш магчымасцяў прадаваць сваю мяжу як калідор пастаўкі паралельнага імпарту ў Расею, мяркуюць экспэрты.
«Выконваючы функцыю вялізнай пракладкі, гандлёвыя прадстаўніцтвы ў нашай краіне зараблялі вялікія грошы з паветра. Альтэрнатывы такім заробкам пры закрытых межах не будзе. Што страчвае Польшча? Яна не зможа пастаўляць аўтатранспартам сваю прадукцыю ў Беларусь, а гэтыя пастаўкі для многіх польскіх кампаній былі выгадныя. Але калі глядзець глабальна, страта ўсяго аб'ёму экспарту ў Беларусь для польскай эканомікі не катастрофа, Беларусь знаходзіцца сярод гандлёвых партнёраў у абароце ў трэцім дзясятку краін, пастаўкі польскіх тавараў у Беларусь складаюць 0,73% ад агульнага экспарту Польшчы, а пастаўкі беларускіх тавараў займаюць толькі 0,16% ад агульнага імпарту», - адзначаюць экспэрты «Кошт урада».
А што страчвае Беларусь праз чарговыя транспартныя абмежаванні з боку Польшчы?
«Для нашай краіны гэтае абмежаванне выглядае значна больш сур'ёзным. На першы квартал 2023 года нашыя пастаўкі тавараў у Польшчу складалі 4% ад агульнага экспарту Беларусі, а імпарт з Польшчы дасягае 6% ад агульнага аб'ёму імпарту. Гэта лічбы зусім іншага парадку, і яны нясуць за сабой зусім іншыя, нашмат больш сур'ёзныя наступствы. Так, вядома, абмен таварамі паміж Беларуссю і Польшчай ажыццяўляецца не толькі грузавікамі, ёсць яшчэ і чыгуначны транспарт, рух па якім пакуль поўнасцю не перацяты. Але, нават нягледзячы на гэта, страты могуць быць значнымі», - мяркуюць аналітыкі.
Праява прынцыповай пазіцыі для кожнай з краін каштуе ім вельмі па-рознаму, адзначае «Кошт урада».
«Пры гэтым Польшча паказвае сябе як краіна, якая клапоціцца пра людзей, якія ёй дарагія, не рызыкуючы эканамічнай стабільнасцю. Кіраўніцтва ж Беларусі як было выгнанцам, так і засталося, а плату, якую яно плаціць у гэтым супрацьстаянні (нават калі глядзець толькі на эканоміку), можа быць вельмі высокай», — мяркуюць аналітыкі.
Яны таксама робяць прагноз, як гэтая сітуацыя можа закрануць насельніцтва Беларусі.
«Хутчэй за ўсё, змены яны адчуюць не адразу. Скарачэнне гандлю паўплывае на бюджэт, а значыць, дзюры ў ім стануць яшчэ больш аб'ёмнымі. Адчувальна зменіцца сітуацыя ў памежных абласцях, дзе многія бізнэсы былі завязаны на перамяшчэнні тавараў у Польшчу і адтуль. Рана ці позна закрытая для грузавікоў польская мяжа пазначыцца ў крамах, дзе можа прыкметна скараціцца асартымент тавараў, якія прывозілі з ЕЗ, бо дастаўляць іх будзе ўсё складаней, даражэй і даўжэй», - мяркуюць аналітыкі.