22 снежня 2024, Нядзеля, 9:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікола Дзядок: Чалавек, які ўпэўніўся ў сваім сэнсе жыцця, можа здолець зрабіць практычна ўсё

2
Мікола Дзядок: Чалавек, які ўпэўніўся ў сваім сэнсе жыцця, можа здолець зрабіць практычна ўсё
Мікалай Дзядок

Палітвязень, нягледзячы на ціск на яго, імкнецца самаразвівацца і чытаць за кратамі.

Палітвязень Мікалай Дзядок за кратамі, нягледзячы на пастаянны ціск на яго, імкнецца самаразвівацца і чытаць, калі толькі з'яўляецца такая магчымасць.

У гродзенскай турме, дзе Мікола адбывае пакаранне, яму забаронены пасылкі і перадачы нават ад сваякоў, атаварка дазволена раз на месяц на адну базавую, піша «Новы час». Праўда, родным удалося даслаць яму медыцынскую бандэроль з неабходнымі прэпаратамі. Спатканняў у вязня таксама няма. Адзінае — часам дазваляюць патэлефанаваць. Яго бацька Аляксандр Дзядок кажа, што прымушае сябе менш думаць пра тое, у якім становішчы знаходзіцца яго сын — іначай можна проста звар'яцець.

Цяпер у тэлеграм-канале, прысвечаным палітвязню, з’явіліся развагі Міколы з яго ліста на волю наконт сэнсу жыцця:

«Прыйшла ў галаву такая думка, што жыццё чалавека мае сэнс толькі калі прывязанае да чагосьці большага, чым ён сам. У адваротным выпадку яно (жыццё) — не больш, чым набор фізіялагічных рэакцый. Гэта, канешне, не стоадсоткава мая думка, хутчэй спалучэнне дактрыны логатэрапіі Віктара Франкла і ўласнага жыццёвага досведу.

У розныя часы розныя сэнсы («для-чаго») былі дамінуючымі.

У Сярэднявеччы дамінавала рэлігія — чалавек жыў, каб «ратаваць душу», мусіў імкнуцца да выкуплення грахоў. Цяпер, падобна, ва ўсім свеце перамагла канцэпцыя жыцця дзеля спажывання: чалавек жыве, как спажыць, як мага больш тавараў і паслуг, для чаго мусіць болей працаваць, ствараючы яшчэ болей тавараў ці паслуг — і так па замкнённым коле…

Цяпер з новымі культурнымі нормамі, здаецца, прабівае сабе ідэя, што чалавек жыве для дасягнення максімальнага асабістага шчасця і творчай самарэалізацыі. Але я адхіліўся…

Факт у тым, што чалавек, які ўпэўніўся ў сваім сэнсе жыцця, можа здолець практычна ўсё, што захоча, і куды больш устойлівы перад крызісамі і траўмамі, бо Тое, што большае за яго, не дае яму зламацца — калі, канешне, ён па-сапраўднаму ў гэта верыць, а не проста прытрымліваецца агульнапрынятай нормы, каб быць «як усе».

З пачатку года Мікалай Дзядок ужо чатыры разы пабываў у штрафным ізалятары: тры разы правёў там па сем сутак, апошні — 10.

Нагадаем, 10 лістапада 2021 года Мікалая Дзядка асудзілі на пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Спачатку палітвязень адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі ў Горках, потым яго перавялі ў гродзенскую турму. За кратамі ён правёў ужо 931 дзень.

Міколу двойчы прызнавалі палітвязнем. Упершыню яго затрымалі 3 верасня 2010 года ў якасці падазраванага ў справе аб «нападзе на амбасаду Расійскай Федэрацыі», тады актывісту было 23 гады. У 2011 годзе Міколу прысудзілі 4,5 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Сваёй віны актывіст не прызнаў, пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі адмовіўся.

За падзеі 2020-га крымінальная справа на Міколу была заведзена ў лістападзе таго ж года. Пры затрыманні супрацоўнікі ГУБАЗіКа моцна збілі журналіста, выкарыстоўвалі пярцовы газ, а потым гвалтоўна прымусілі запісаць «пакаяльнае» відэа. У аддзяленні ГУБАЗіКа Міколу Дзядка жудасна катавалі. А 10 лістапада 2021 года суддзя Анастасія Папко прысудзіла Міколу Дзядка да пяці гадоў пазбаўлення волі. Мікалай віны і гэтым разам не прызнаў. На палітвязня ў калоніі не спыняецца ціск: увесь час змяшчаюць у штрафты ізалятар, пазбаўляюць доўгатэрміновага спаткання, не перадаюць лісты…

Падтрымайце Міколу Дзядка лістамі. Адрас для ліставання: 230023, Гродна, вул. Кірава 1, Турма №1. Дзядок Мікалай Аляксандравіч.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках