Прэм'ер Польшчы: Буду хадайнічаць аб узмацненні санкцый ЕЗ супраць беларускага рэжыму
2- 1.06.2023, 10:21
- 3,644
Беларусь выкарыстоўваецца Расеяй для абыходу санкцый.
Прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі ў сераду падчас візіту ў Нідэрланды аб'явіў аб тым, што ён будзе хадайнічаць аб узмацненні санкцый ЕЗ супраць Беларусі на Еўрапейскай радзе, паведамляе «Польскае радыё».
Маравецкі нагадаў аб тым, што Польшча 29 траўня ўвяла новы пакет санкцыяў у дачыненні да Беларусі ў сувязі з апошнімі дзеяннямі рэжыму Лукашэнкі і грубымі парушэннямі правоў чалавека.
- На Еўрапейскай радзе я таксама буду хадайнічаць аб узмацненні санкцый у дачыненні да Беларусі, бо мы выразна бачым, як моцна Беларусь залежыць ад Расеі. Мы адчуваем гэта ў тым штучным міграцыйным нападзе, ад якога мы абараніліся, — заявіў Маравецкі на прэс-канферэнцыі пасля сустрэчы з прэм'ерам Нідэрландаў Маркам Рутэ.
Ён зазначыў, што Беларусь выкарыстоўваецца Расеяй для абыходу санкцый.
- Таму Польшча імкнецца вельмі скрупулёзна не толькі выконваць гэтыя санкцыі, але і ўмацоўваць іх, закрываць шчыліны. Гэта важна, каб Расея як мага глыбей адчувала ўплыў санкцый на яе эканоміку - а пакуль што адчувае занадта слаба.
Таму, працягнуў Маравецкі, Польшча і яшчэ некалькі краін вядуць перамовы аб узмацненні санкцый супраць Беларусі.
- Вядома, вызначальнае значэнне маюць дзеянні ўсяго Еўразвязу. <…> Я ўзніму гэтае пытанне на наступнай Еўрапейскай радзе праз пару тыдняў. З аднаго боку, гэта будзе ўзмацненне механізмаў умацавання санкцыйных пакетаў, а з другога - сігнал для ўсіх, хто хоча блізка супрацоўнічаць з Крамлём, што гэта таго не варта, - сказаў прэм'ер Польшчы.