22 снежня 2024, Нядзеля, 9:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Якім будзе лета ў Беларусі?

4
Якім будзе лета ў Беларусі?

Будзе як у Турцыі.

Лета ў Беларусі будзе вельмі цёплым, а месцамі спякотным, прагназуюць сіноптыкі. Еўрарадыё сабрала чаканні экспэртаў на летні сезон і даведалася, як у Беларусі мяняецца клімат у бок пацяплення.

Падрабязныя доўгатэрміновыя прагнозы сіноптыкі даваць не рызыкуюць, але некаторыя тэндэнцыі выдзяляюць. Сіноптык Дзмітры Рабаў расказаў, што ў пачатку лета надвор'е будзе даволі цёплае. Моцных дажджоў не прадбачыцца.

Таксама за лета чакаецца некалькі хваляў спякоты, якія будуць доўжыцца больш за тыдзень. Будуць і халодныя дні, але няшмат.

Паводле звестак Белгідрамета, сярэдняя нармальная тэмпература летняга сезона ў Беларусі складае +18°С. Прадугледжваецца, што летам 2023 года яна падымецца на 1-2°С. У Інстытуце метэаралогіі і воднай гаспадаркі Польшчы мяркуюць, што тэмпература паветра будзе на 1,5°С вышэй за кліматычную норму.

Каб зразумець, чаго чакаць беларусам можна паглядзець на мінулы год. Сярэдняя тэмпература за летні сезон 2022 года склала +19,4°С, гэта значыць на +1,4°С вышэй за кліматычную норму.

У жніўні 2022 года ў Беларусі былі трапічныя ночы. Гэта значыць, што мінімальная тэмпература паветра за ноч была +20°С і большая.

- Таксама з 12 да 30 жніўня на тэрыторыі краіны была адзначаная інтэнсіўная хваля цяпла. У гэты час на працягу 3-15 дзён максімальная тэмпература паветра днём складала +30°С і вышэй, - піша тэлеграм-канал «Надвор'е».

Траціна дзён - дажджлівыя, але гэтага мала

Гэтым летам дажджлівых дзён будзе прыкладна 30, зазначаюць беларускія сіноптыкі. Часам будуць ліўні і навальніцы.

Нягледзячы на тое, што кожны трэці дзень лета прагназуюцца дажджы, ападкаў будзе няшмат, паведамляюць польскія спецыялісты. У чэрвені і ліпені - прыкладна на 5-10 міліметраў менш, чым у сярэднім у 1991-2020 гадах. Для прыроды гэта нядобра: напрыклад, ад засух жоўкнуць лясы.

Затое ў верасні ў цэнтральных раёнах Беларусі, наадварот, будзе на 5-10 мм ападкаў больш, чым звычайна.

У Беларусі будзе як у Турцыі

Беларускі клімат мяняецца па экстрэмальным сцэнарыі, расказаў дырэктар Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі Сяргей Лысенка.

- Гэты сцэнар прадказвае, што канцэнтрацыя парніковых газаў СО2 падвоіцца да сярэдзіны бягучага стагоддзя ў параўнанні з даіндустрыяльным узроўнем.

Паводле ягоных слоў, да канца стагоддзя сярэднегадавая тэмпература ў Беларусі вырасце на 7-8 градусаў.

- Наш клімат будзе такім жа, як цяпер у Турцыі.

Ужо да 2024 года тэмпература ў Віцебскай вобласці можа стаць такой жа, як зараз у Гомельскай. Калі не будзе стрымлівання выкідаў парніковых газаў, тэмпература працягне імкліва расці, кажа навуковец.

Праблема засух летам будзе пагаршацца, паколькі летнія ападкі стануць радзейшымі, а зімой іх будзе больш.

Еўропа рыхтуецца да засухі

Пакуль у Беларусі МНС рэгулярна ўводзіць забароны на наведванне лясоў з-за пажаранебяспекі, паўднёвая Еўропа рыхтуецца да засушлівага лета. Некаторыя краіны ўжо зазнаюць ад недахопу вады, піша Reuters. Змяненне клімату робіць рэгіён больш гарачым і складаным для вядзення сельскай гаспадаркі. У мінулым годзе Еўропа сутыкнулася з наймацнейшай засухай за апошнія 500 гадоў.

Кліматолаг і дырэктар французскага Інстытута П'ера-Сымона Лапласа Робер Ватара таксама гаворыць аб неабходнасці скарачэння парніковых выкідаў і ўплыву чалавека на навакольнае асяроддзе.

- Урады спазняюцца. Кампаніі спазняюцца. Некаторыя кампаніі нават не думаюць змяняць мадэль свайго спажывання, яны проста спрабуюць знайсці нейкія цуд-тэхналогіі, якія прынясуць ваду, – рэзюмуе экспэрт.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках