Зяленскі хоча бачыць Беларусь у ЕЗ і NATO
34- 1.06.2023, 16:36
- 21,132
Прэзідэнт Украіны заявіў, што гэтае пазітыўная развязка для ўсіх.
1 чэрвеня падчас выступу на саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Малдове прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі згадаў Беларусь. З ягоных слоў вынікае, што ён хацеў бы бачыць нашу краіну ў ЕЗ і NATO.
«Усе еўрапейскія краіны, якія мяжуюць з Расеяй і не хочуць, каб Расея на іх напала, маюць уступіць у хаўрус з ЕЗ і NATO, - цытуе словы Зяленскага newsmaker.md. - Мы не маем выбару: альбо выяўная вайна, альбо пакрокавая акупацыя. Мы бачым, што адбываецца ў Беларусі і ў Грузіі».
Прэзідэнт Украіны перакананы, што "надышоў час пастаноў". У сваім выступе ён заклікаў на саміце NATO у Вільні ў ліпені прыняць Украіну ў альянс. «Патрэбны мірны саміт, патрэбныя пазітыўныя развязкі для Украіны, бо яны пазітыўныя для ўсіх, і для Малдовы, і для Грузіі, і для Беларусі. Я не сумняваюся», - дадаў Уладзімір Зяленскі.