Украінскі дыпламат: Следчым МУС варта збіраць заявы Лукашэнкі
9- 1.06.2023, 16:53
- 22,106

Беларускі дыктатар шкадуе, што не можа забіваць украінцаў.
Лукашэнка заявіў, што «пытанне Украіны трэба было развязваць у 2014-2015 гадах» і выказаў шкадаванне, што Кіеў цяпер мае войска, якое можа абараняць краіну.
Чым выкліканая такая заява? На гэтую тэму сайт Charter97.org пагаварыў з экспертам у пытаннях замежнай палітыкі і палітыкі бяспекі фонду "Майдан замежных спраў", экс-дарадцам пасольства Украіны ў Канадзе і Кеніі Алегам Белакалосам.
- Як грамадзяніну Украіны і жыхару Кіева, які падпадае пад узмоцненыя ракетныя напады ўжо фактычна другі месяц, цяжка каментаваць усё гэта трызненне. Я так разумею, што ў Лукашэнкі выклікае шкадаванне тое, што ён са сваім сябрам, крамлёўскім дыктатарам, не маюць магчымасці бесперашкодна забіваць украінскіх жанчын і дзяцей. Нашы ўзброеныя сілы даюць годны адпор, гэта выклікае ў іх раздражненне. Мусіць, гэтым і выкліканыя такія заявы.
— Ці шкадуе цяпер беларускі дыктатар, што ўвогуле падтрымаў гэтую захопніцкую вайну супраць Украіны?
- Я так не думаю, нават наадварот. Калі б гісторыя абярнулася па-іншаму, уварванне ў лютым мінулага года было б больш паспяховым, Лукашэнка не толькі б пляскаў у ладкі, але і паспрабаваў бы свой кінжальчык паказаць. Можна прыгадаць паралельны прыклад з гісторыі. Ужо пасля таго, як Францыя пацярпела паразу , Мусаліні ў чэрвені 1940-га года спрабаваў са свайго боку паказаць нейкае ўварванне, відавочна няўдалае. Тым не менш, ён скарыстаўся тым, што ягоны сусед ужо фактычна страціў баяздольнасць. Магчыма, таксама паспрабаваў бы дзейнічаць і Лукашэнка. Але я хацеў бы дадаць, што следчыя і пракуроры Міжнароднага крымінальнага суда павінны такія людаедскія заявы беларускага дыктатара збіраць, каб потым яму асабіста і ягоным супольнікам выставіць абвінавачанні.
- У 2014-м годзе беларускі дыктатар спрабаваў выступаць як «міратворац». Цяпер - як агрэсар. Калі ён хлусіў? Цяпер або тады?
— Я не меў тады і не маю цяпер ніякіх сумневаў, што ён з'яўляецца сапраўдным хаўруснікам Пуціна і супраціўнікам той Украіны, якая з'явілася ў 2014-м годзе. Яны абодва ненавідзелі Майдан, мы цудоўна разумеем, чаму. Для кожнага чалавека, які аб'ектыўна ацэньвае гісторыю, гэта было відаць. Не можа дыктатар любіць паўстанне народа, які скідае крымінальную прарасейскую хеўру ў асобе рэжыму Януковіча. Лукашэнка, пільнуючыся нейкай той кан'юнктуры, спрабаваў нешта там паказваць, але сапраўдныя ягоныя намеры ў мяне не выклікалі ніякіх сумневаў.