20 траўня 2024, панядзелак, 12:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каманда Беларусі згуляе з камандай краіны, незалежнасці якой не прызнае

5
Каманда Беларусі згуляе з камандай краіны, незалежнасці якой не прызнае

Футбольны матч пройдзе ў Вугоршчыне.

Футбалісты з Беларусі едуць у Вугоршчыну, каб правесці дзве гульні адборачнага турніру чэмпіянату Еўропы супраць Ізраіля і Косава, паведамляе «Белсат».

Якраз незалежнасць Косава не прызнаюць цяперашнія ўлады Беларусі. Як не прызнаюць яе і ўлады Сербіі. Менавіта там гуляла апошні год каманда Беларусі, але ёй давялося шукаць новае месца для хатніх сустрэчаў. Выбар упаў на Вугоршчыну – гэта адзіная краіна ў ЕЗ, якая пагадзілася вылучыць сваю тэрыторыю для каманды лукашысцкай Беларусі. Нагадаем, што праз падтрымку ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны беларуская каманда не можа гуляць хатнія матчы на сваёй тэрыторыі, таксама гульні павінны праходзіць без гледачоў.

Матчы пройдуць у Будапешце 16 чэрвеня супраць Ізраіля і 19 чэрвеня супраць Косава. Беларусь стартавала ў гэтым турніры з дзвюх паразаў – 0:5 ад Швэйцарыі і 1:2 ад Румыніі. У сваёй групе Беларусь займае апошняе месца.

Зрэшты, калі пачытаць спартовыя беларускія чаты, гэта не моцна хвалюе заўзятараў. За амаль тры апошнія гады каманда РБ змагла адвярнуць ад сябе вялізную колькасць фанатаў. І прычынаў тут некалькі: дрэнная гульня зборнай і пазіцыя (а дакладней, яе адсутнасць) яе гульцоў. Футбалісты робяць выгляд, што навокал нічога не адбываецца.

Напярэдадні гульні з форсам выступаў галоўны трэнер каманды Беларусі Георгій Кандрацьеў, які даўно забыўся, што такое перамогі, адсотак іх за апошнія два гады ў афіцыйных матчах у гэтага трэнера роўны нулю. За гэта Кандрацьеў атрымлівае… 15 тысячаў даляраў за месяц! Сам трэнер гаворыць, што другі раз у сваёй кар'еры павінен быў узначаліць нацыянальную каманду.

«Не думаў, што вярнуся ў зборную Беларусі. Быў пастаўлены перад выбарам. Пра ўсё не магу гаварыць», – паведаміў Кандрацьеў дзяржаўным СМІ.

«Мінімум – чатыры, максімум – шэсць» – такую колькасць балаў у гульнях з Ізраілем і Косавам паставіў мэтай Кандрацьеў.

Нагадаем, што ва ўсім адборачным турніры мінулага чэмпіянату Еўропы каманда Беларусі набрала чатыры балы за восем гульнях, а ў адборачным турніры чэмпіянату свету – тры, таксама ў васьмі гульнях.

Але ў трэнера ёсць таямніца, як дамагчыся пастаўленага выніку.

«Будзем пераварочваць гэтую сітуацыю. Зубамі вырываць мячы, запіхваць у браму», – сказаў Кандрацьеў.

Такі метад беларускім хакеістам ужо прапаноўваў міністр спорту Алег Качан, але тады не надта спрацавала. Паглядзім, як будзе цяпер.

Сярод выкліканых у нацыянальную каманду гульцоў шасцёра падпісалася за рэжым, трое маюць грамадзянства Расеі. А, напрыклад, Захар Волкаў – удзельнік дамоўных матчаў і яшчэ нядаўна гуляў за расейскія «Хімкі», якія адкрыта выступалі за вайну. Ёсць хлопцы, пазіцыю якіх зразумець цяжка, напрыклад Раман Юзэпчук з маскоўскага «Тарпеда», які ў 2020 годзе ў сваіх сацыяльных сетках пачаў пісаць на беларускай мове, а пазней размяшчаў расейскі сцяг. Тры гульцы каманды ўжо засталіся без працы – Клімовіч, Падстрэлаў і Бахар. Цікавы лёс апошняга: у 2020 годзе ён гуляў з белым бранзалетам, выказваўся ў падтрымку народа, а потым падпісаўся за рэжым, развёўся з жонкай і з'ехаў гуляць у Ізраіль, але пасля сезону ў «Ірані» кантракт з ім не прадоўжылі. А вось у іншага падпісанта за рэжым, Яўгена Яблонскага, усё добра, ён стаў чэмпіёнам Кіпра і цяпер увогуле не выказвае ніякай пазіцыі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках