Беспілотнікі атакавалі расейскі Курск
17- 2.06.2023, 7:37
- 30,506
Тутэйшыя жыхары паведамляюць аб «партызанах» каля горада.
Уночы ў пятніцу, 2 чэрвеня, у Курску грымнулі магутныя выбухі. Тутэйшыя жыхары заявілі, што кананаду выбухаў асабліва добра было чуваць ля чыгуначнага вакзала, паведамляюць украінскія мэдыі.
У мясцовых Telegram-каналах заяўляюць, што прычына выбухаў - атака невядомых беспілотнікаў на месцы.
«Моцна бахнула ля чыгункі», - пішуць жыхары Курска. Пазней было апублікаванае відэа выбухаў каля чыгуначнага вакзала.
Губернатар Курскай вобласці РФ Раман Старавойт заявіў, што над Курскам нібыта было «збіта некалькі ўкраінскіх беспілотнікаў».
«Сёння ўночы побач з Курскам сістэмай СПА збітыя некалькі ўкраінскіх беспілотнікаў. Просім курчан захоўваць спакой», - заявіў губернатар Курскай вобласці.
Напярэдадні ён паведамляў, што з дрона быў скінуты баявы прыпас на электрычную падстанцыю, у выніку сяло Гогалеўка Суджанскага раёна было абясточаная.
Тутэйшыя жыхары ў каментарах да такіх навін пішуць, што прагучала ўжо 7 магутных выбухаў - іхнія дамы скаланаюцца.
Тутэйшы жыхар Курскай вобласці паведаміў аб невядомых узброеных людзях у вайсковай форме, якія «праскочылі» перад ягоным самаходам учора ў лесе.
На відэа заўважныя некалькі мужчын са зброяй і ў камуфляжы, якія перабягаюць лясную дарогу. «Ад мясцовых уладаў, як заўсёды, цішыня і нічога не адбываецца» - скардзіцца жыхар Курска.