21 снежня 2024, Субота, 19:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Прастаялі ўсю ноч у чарзе, каб даведацца, што на мяжы нельга выпісаць страхоўку»

7
«Прастаялі ўсю ноч у чарзе, каб даведацца, што на мяжы нельга выпісаць страхоўку»
ФОТА: «НАША НІВА»

З якімі праблемамі сутыкаюцца беларусы праз скасаванне «Зялёнай карты»?

Тэрмін дзеяння абавязанняў аб узаемным прызнанні «Зялёнай карты» скончыўся 1 чэрвеня. Але беларускія страхавыя кампаніі перасталі афармляць полісы гэтага тыпу яшчэ 17 траўня. Цяпер выехаць за мяжу могуць толькі аўтамабілі, застрахаваныя ў замежных кампаніях. Як высветлілася, зрабіць гэта няпроста, піша nashaniva.com.

«Едзьце праз іншы пункт пропуску»

Спачатку падавалася, што звычайныя аўтааматары будуць толькі ў плюсе, бо еўрапейскія полісы таннейшыя за беларускія. Але набыць страхоўку можна не на ўсіх пунктах пропуску.

Напрыклад, людзі, якія па некалькі гадзін стаялі ў чарзе на выезд з Беларусі праз пункт пропуску «Лоша», былі вымушаны разварочвацца і ехаць на іншы памежны пераход, дзе такая магчымасць ёсць.

«Беларускі памежнік перад тым, як запусціць на тэрыторыю тэрмінала, спытаўся, ці ёсць у нас страхоўка для ўезду ў Літву. Натуральна, яе ў нас не было, бо мы разлічвалі, што купім яе ў самым пункце пропуску на літоўскім баку», - кажа суразмоўца.

Беларускі памежнік паведаміў падарожнікам, што ім няма сэнсу заязджаць на тэрмінал, бо без страхоўкі іх не прапусціць літоўскі бок, а аформіць страхоўку ў гэтым пункце пропуску немагчыма.

«У выніку мы амаль цэлую ноч правялі ў чарзе, каб даведацца, што не зможам патрапіць у Літву. Памежнік параіў нам ехаць праз «Катлоўку» ці «Каменны Лог», бо там поліс можна набыць на самой мяжы».

Набыць страхоўку на мяжы з Літвой можна ў чатырох з шасці пунктаў пропуску. Акрамя «Лошы», страхоўку немагчыма зрабіць у пункце пропуску «Відзы».

Патрапіць у Польшчу яшчэ складаней. У адзіным пасажырскім пункце пропуску «Брэст — Тэрэспаль» выпісаць поліс таксама нельга.

«Разварочваюць проста на мосце»

Са слоў беларусаў, палякі не пускаюць у Польшчу, калі ў кіроўцы няма страхоўкі на аўтамабіль.

«Проста на мосце разварочваюць у Беларусь», — кажа мужчына.

Акрамя некаторых пунктаў пропуску на беларуска-літоўскай мяжы, застрахаваць аўтамабіль можна непасрэдна на тэрыторыі ЕЗ. Але такі варыянт пасуе толькі тым, хто ўжо знаходзіцца тамака.

Таксама некаторыя літоўскія страхавыя кампаніі гатовы аформіць поліс анлайн. Страхоўка на 15 дзён каштуе 28 еўраў, хаця яшчэ нядаўна яе прадавалі за 21 еўра. Поліс на 30 дзён каштуе 36 еўраў, цана на яго ў апошні час не мянялася.

Але могуць узнікнуць складанасці з аплатай. Беларусам даводзіцца прасіць знаёмых, якія жывуць у Літве, каб тыя аплацілі поліс са свайго літоўскага рахунку, бо страхавыя не прымаюць пераводы з беларускіх карт. Некаторыя беларусы гавораць, што разлічваліся за літоўскія страхоўкі праз Paysend.

Набытая ў Літве страхоўка пасуе для ўсіх краін ЕЗ.

З Польшчай сітуацыя, прынамсі, пакуль выглядае больш складанай, бо пасля таго, як наплыў ахвочых афармляць полісы онлайн павялічыўся, польскім страхавым кампаніям забаранілі афармляць полісы ў онлайн-фармаце на аўто, зарэгістраваныя ў Беларусі і Расеі.

Але некаторыя беларусы гавораць, што калі ёсць знаёмыя страхавыя агенты, то застрахаваць аўтамабіль без фізічнай прысутнасці можна. Натуральна, такі варыянт даступны далёка не для ўсіх.

Кошты на страхоўку ў Польшчы розныя. Поліс на 30 дзён прадаюць ад 160 злотых (блізу 35 еўраў).

Для параўнання, беларуская «Зялёная карта» на 15 дзён каштавала 30 еўраў, а на 30 дзён - 50 еўраў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках