Расейскі актор Панін заявіў аб гатоўнасці прыехаць ва Украіну і здацца СБУ
35- 2.06.2023, 11:06
- 18,868
Праз «крымнаш».
Расейскі актор Аляксей Панін, які выступіў у 2022 годзе супраць вайны ва Украіне і пакінуў тэрыторыю РФ разам са старэйшай дачкой, звярнуўся да кіраўніка Службы бяспекі Украіны са спецыяльнай заявай, піша Диалог.UA са спасылкай на яго ТГ-канал.
Панін прызнае свае памылкі, зробленыя ў 2014 годзе, перформанс на анэксаванай паўвыспе з фразай «Крым - наш», а таксама просіць выкрасліць яго з «чорных спісаў» ва Украіне.
Акрамя таго, ён заяўляе, што гатовы прыляцець ва Украіну і асабіста сустрэцца з праваахоўнікамі, а таксама даць тлумачэнне ў судзе, калі спатрэбіцца для сваёй рэабілітацыі.
«Звярнуўся б да Уладзіміра Аляксандравіча Зяленскага, але мы з ім, на жаль, не знаёмыя, таму, увогуле, атрымалася смешная гісторыя… У 2014-м у дачыненні да мяне распачалі крымінальную справу на Украіне аб замаху на тэрытарыяльную цэласнасць краіны», - нагадаў Панін.
Рэч у тым, што 9 гадоў таму, калі РФ, парушыўшы ўсе дамовы з Украінай аб супрацоўніцтве, захапіла АРК Крым, Панін тады паддаўся гэтай імперскай хвалі ў Расеі і ўзяўся на камеру паўтараць фразу «Крым – наш».
Акрамя таго, тады ён у аголеным выглядзе «культурна адпачыў» у Крыме, дэманстраваў расейскі трыкалор і ўсяляк выказваў сваю радасць, аб чым цяпер шкадуе.
«У 2014 годзе я меў неасцярожнасць з-за сваёй дурасці і пад уплывам алкаголю бегаць з расейскім сцягам і крычаць: «Крым - наш». Шчыра шкадую, што я быў такі ж, як і многія расейцы, замбаваны. Да чаго гэта я, на мяне зараз у Расеі распачатая крымінальная справа, я знаходжуся ў вышуку, бо з першага дня вайны я не падтрымліваю забойцу і злачынцу Пуціна», - сказаў Аляксей Панін.
Актор сцвярджае, што ніякага разліку ў ягоных дзеяннях няма, яму ніякіх матэрыяльных выгод не трэба: ні жыллё, ні праца, а проста ён хоча, каб украінцы не ўважалі яго за ворага.
«Дагэтуль ва Украіне я знаходжуся ў спісах асоб, якія пагражаюць краіне. Я ўпэўнены, што гэта памылка», - падкрэсліў ён.