Пуцін заявіў, што яго «разгойдваюць»
24- 2.06.2023, 15:25
- 26,376
Кіраўнік РФ склікаў пасяджэнне Рады бяспекі.
Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін у пятніцу, 2 чэрвеня, правёў штотыднёвую нараду Рады бяспекі - першую з моманту налёту беспілотнікаў на Маскву, паведамляе The Moscow Times.
"Злоснікі" прыкладаюць намаганні для таго, каб "разгайдаць сітуацыю ўнутры Расейскай Федэрацыі", заявіў Пуцін, звяртаючыся да 12 сталых сябраў Рады бяспекі, у ліку якіх кіраўнікі ўсіх узброеных структур (Мінабароны, МУС, ФСБ, Служба замежнай выведкі), кіраўнікі абедзвюх палат думы, а таксама кіраўнік МЗС Сяргей Лаўроў, былы прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў і сакратар Рады Мікалай Патрушаў.
Намаганні для «разгойдвання», са слоў Пуціна, апошнім часам былі актывізаваныя, у сувязі з чым Радзе бяспекі давядзецца заняцца пытаннямі «гарантавання бяспекі Расеі», у тым ліку «бяспекі ўнутрыпалітычнай».
"Мы з вамі маем зрабіць усё для таго, каб ні пры якіх абставінах не дазволіць ім гэтага зрабіць", — сказаў Пуцін, пасля чаго даў слова кіраўніку ФСБ Аляксандру Бортнікаву і кіраўніку МУС Уладзіміру Калакольцаву. Абодва, як паведамляе «Інтэрфакс», выступілі дакладчыкамі на пасяджэнні Рады бяспекі.
Аб пагрозах унутранай стабільнасці ў Расеі Пуцін заявіў 30 траўня - у дзень, калі ўкраінскія дроны ўпершыню даляцелі да Масквы, трапіўшы ў тры жылыя дамы. Не менш за дзесяць БЛА былі збітыя ў пад Масквой, у тым ліку каля рэзідэнцыі самога Пуціна ў Нова-Агарове, а таксама недалёка ад рублёўскіх палацаў расейскай верхавіны. Мэтай было "запалохаць грамадзян Расеі", казаў Пуцін, дадаючы, што "ўдары па жылых дамах" з'яўляюцца "відавочнай прыкметай тэрарыстычнай дзейнасці".
Пагрозу рэжыму Крэмль убачыў таксама і ў ордэры на арышт Пуціна, які ў сакавіку выдаў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе, апавядалі раней крыніцы The Moscow Times, блізкія да Крамля і думы.
Паводле іхніх слоў, яшчэ ў сакавіку ў Крамлі адбылася нарада, прысвечаная таму, як рэагаваць на ордэр МУС і якія дзеянні зрабіць для ўмацавання рэжыму ўнутры краіны.
Акрамя грамадзянскіх чыноўнікаў адміністрацыі прэзідэнта, у нарадзе ўдзельнічалі супрацоўнікі ўправы аховы канстытуцыйнага ладу Федэральнай службы бяспекі (ФСБ), якая створаная для аховы рэжыму ад унутрыпалітычных пагроз.