Казахстанская нафта ідэальна замяшчае расейскую ў Еўропе
5- 2.06.2023, 17:40
- 7,478
Акрамя Нямеччыны, казахстанскую нафту актыўна закупляе Італія, якую раней забяспечваў «Лукойл».
Расейская нафта, у дачыненні да якой з канца мінулага года дзейнічае эмбарга ЕЗ, паспяхова замяшчаецца казахстанскімі барэлямі на еўрапейскім рынку. Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў распавёў аб гатоўнасці краіны ў разы павялічыць пастаўкі «чорнага золата» ў Нямеччыну, паведамляе «Капитал».
З пачатку года НПЗ «Шведт» у Нямеччыне атрымаў 90 тысяч тон нафты. Раней гэты завод належаў расейскай «Раснафце».
У выпадку захавання цяперашніх тэмпаў пастаўкі казахстанскай сыравіны ў ФРГ за год могуць скласці больш за 200 тысяч тон, аднак гэта не мяжа. Падчас выступу на сустрэчы лідараў ЦА-ЕЗ прэзідэнт Казахстана заявіў аб гатоўнасці павялічыць экспарт нафты ў Нямеччыну ў шэсць разоў.
З яго слоў, на сёння ёсць патэнцыял давядзення паставак да паказчыка 1,2 млн барэляў на год з магчымасцю нарошчвання аб'ёмаў у будучыні.
У першым квартале гэтага года доля ЕЗ у экспарце казахстанскай нафты вырасла да 71 адсотка. Гэта на 6 адсоткаў больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
Нямеччына - не адзіная краіна ЕЗ, якая актыўна імпартуе нафту з Казахстана. Напрыклад, у Італіі, якую раней забяспечвала расейская кампанія «Лукойл», доля закупаў сыравіны з Казахстана ў першым квартале 2023 года вырасла да 38%, гэта на 10% больш, чым годам раней.
Акрамя таго, доля Францыі ў экспарце сыравіны з Казахстана павялічылася з 5% да 7%, а Румыніі з 4% да 7%.