Камітэт Палаты прадстаўнікоў ЗША падтрымаў рэзалюцыю аб перадачы Украіне ATACMS
16- 21.06.2023, 21:50
- 8,652
АTACMS маюць радыус дзеяння большы за 300 кіламетраў.
Камітэт Палаты прадстаўнікоў ЗША ў замежных справах падтрымаў рэзалюцыю з заклікам да адміністрацыі прэзідэнта Джо Байдэна перадаць Украіне дальнабойныя ракеты ATACMS.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на трансляцыю паседжання камітэта.
Падчас абмеркаванняў старшыня камітэта, рэспубліканец Майкл Маккол заявіў, што ракеты ATACMS крытычна важныя для поспеху ўкраінскага контрнаступу.
«ATACMS маюць радыус дзеяння да 190 міляў (больш за 300 кіламетраў – рэд.), што дазваляе ўкраінскім сілам наносіць удары па тэрыторыях, якія ўтрымліваюць расейцы», – падкрэсліў кангрэсмэн.
Пры гэтым, паводле ягоных словаў, асцярогі адміністрацыі Байдэна пра магчымасць удараў па тэрыторыі Расеі з'яўляюцца неапраўданымі.
«Украіна абяцала не выкарыстоўваць іх для ўдараў па тэрыторыі Расеі», – сказаў Маккол, нагадаўшы, што Брытанія ўжо перадала Украіне дальнабойныя ракеты Storm Shadow.
Адзначым, што для таго, каб у ЗША прынялі рэзалюцыю, яе яшчэ мусяць падтрымаць у Палаце прадстаўнікоў і Сенаце.