Сусветныя СМІ: Прыніжаны Пуцін чапляецца за ўладу
27- 25.06.2023, 9:20
- 36,222

Як у свеце ацэньваюць суботні мяцеж Прыгожына.
Першыя палосы амаль усёй сусветнай прэсы ў нядзелю прысвечаныя мяцяжу заснавальніка ПВК «Вагнера» Яўгена Прыгожына, які абвясціў «Марш справядлівасці» супраць вайсковага кіраўніцтва Расеі. Узброены паход на Маскву не прадоўжыўся нават дзень, аднак у шматлікіх газетах пішуць аб «прыніжэнні» прэзідэнта Расеі.
Вось з якімі вокладкамі выйшлі сусветныя СМІ на наступны дзень пасля мяцяжу.
Sunday Express

«Мінулай ноччу Расея апынулася на мяжы грамадзянскай вайны, пасля таго як апальны начальнік прыватнай вайсковай кампаніі ўзняў бунт», - піша брытанскі The Sunday Express. Прысвечаны Прыгожыну загаловак дзеліць першую паласу з анонсам артыкула пра Кейт Мідлтан, якую выклікаў на тэнісны матч Роджэр Федэрэр.
The Sunday Telegraph

Уся першая паласа Sunday Telegraph – аб тым, як найміты «Вагнера» спынілі паход на Маскву, пасля таго як Прыгожын уклаў угоду з Пуціным. У адным з матэрыялаў гаворыцца, што прэзідэнт Расеі пазбег «1917 года», але яго пазіцыі «сур'ёзна аслаблі». У іншым – як Растоў-на-Доне прачнуўся «на перадавой гістарычнага моманту».
The Sun

Паводле версіі брытанскага таблоіда The Sun, «на грані» апынуўся асабіста Пуцін, які «перанёс прыніжэнне» ад набліжаных да Масквы наймітаў і ўсю ноч «чапляўся за ўладу».
The Sunday Times

Пра «прыніжанага» мяцежнікамі Пуціна піша і The Sunday Times. Там падкрэслілі, што хаця іх лідар Прыгожын быў сасланы ў Беларусь, яму ўдалося пазбегнуць пакарання.
The Observer

The Observer згадаў і пра пастанову Прыгожына развярнуць калоны ад Масквы, «каб пазбегнуць кровапраліцця», і пра перамовы з удзелам Лукашэнкі. «Мяцеж групы «Вагнера» максімальна аслабіў Пуціна», – кажа яшчэ адзін загаловак. А каментар да артыкула сцвярджае, што злавесны імідж, які стварыў сабе ўнутры краіны прэзідэнт Расеі, «ужо пацьмянеў і хутка рассейваецца».
The Mail

The Mail прыводзіць меркаванне нейкіх крыніц з брытанскай службы бяспекі, якія задаюць пытанне: ці не падкупіў Пуцін Прыгожына, каб той пакінуў Расею?
Daily Mirror

Sunday Mirror сцвярджае, што Пуцін не толькі «на грані», але і «ахоплены жахам» праз «узброенае паўстанне наймітаў».
Daily Star

Таблоід Daily Star уважае аднолькава «дурнаватымі» і Пуціна, і Прыгожына, і намякае, што неўзабаве ў Расеі «будзе новы прэзідэнт».
The Washington Post

У The Washington Post адзначылі, што пераварот у Расеі «праіснаваў нядоўга», і паказалі мапу з маршрутам перамяшчэння вагнераўцаў - ад Растова да Ельца, дзе Прыгожын загадаў развярнуць калоны.
Le Parisien

Французская Le Parisien уважае спробу путчу ў Расеі за «блытаніну».
Bild

А Bild разважае, што «бунт супраць Пуціна» можа азначаць для Нямеччыны.
Tagesspiel

«Драматычная барацьба за ўладу ў Расеі. Салдаты «Вагнера» рухаюцца на Маскву», – абвяшчае загаловак нямецкай Tagesspiel.
Corriere della Sera

Італійская Corriere della Sera піша пра «выклік Пуціну» і «пагружаную ў хаос Расею». «Сілы «Вагнера» знаходзяцца ў некалькіх гадзінах ад Масквы, пасля пасрэдніцтва Лукашэнкі ўсё блакуе. Лідар мяцежнікаў з'едзе ў Беларусь, байцоў, якія маюць да гэтага дачыненне, не будуць судзіць. Але вобраз кіраўніка змяніўся назаўжды», - распавядае выданне.
La Repubblica

La Repubblica піша пра «слабасць цара Пуціна» і пра тое, што Расея цэлы дзень балансавала на мяжы грамадзянскай вайны.
La Stampa

Нядзельны нумар La Stampa, мяркуючы з усяго, завярсталі і адправілі ў друк яшчэ да таго, як Лукашэнка, Прыгожын і Пяскоў заявілі аб урэгуляванні канфлікту. Там на першай паласе гучна заяўляюць проста аб «рэвалюцыі ў Расеі» і «пункце незвароту для Пуціна» і праводзяць паралель з 1917 годам.
El Mundo

А ў гішпанскай El Mundo пішуць, што мяцеж вагнераўцаў «пахіснуў уладу Пуціна». І нават гучыць здагадка, што Прыгожын мог задумаць нешта накшталт аперацыі «Валькірыя» (няўдалая спроба забіць Гітлера, якую распачала група нямецкіх афіцэраў у канцы Другой сусветнай вайны).
Як паведамляў сайт Charter97.org, верхавод «вагнераўцаў» Яўген Прыгожын заявіў аб пачатку ваеннага перавароту. 24 чэрвеня войскі ПВК «Вагнер» узялі Растоў-на-Доне і прайшлі маршам праз Растоўскую, Варонежскую і Ліпецкую вобласці РФ. Калоны «Вагнера» з бронетэхнікай увайшлі ў Маскоўскую вобласць і падышлі на адлегласць 200 км да Масквы, пасля чаго Прыгожын заявіў аб развароце свайго войска. Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў паведаміў, што з Прыгожына знятае крымінальнае абвінавачанне ў мяцяжы і ён цяпер будзе жыць у Беларусі.