Лукашысты не знайшлі парушэнняў у калоніі, дзе катавалі Бабарыку і Лосіка
19- 4.06.2023, 20:28
- 12,946
Правяральнікаў варункі там задаволілі.
У Наваполацкую калонію № 1, дзе адбывае пакаранне больш як сотню палітычных вязняў, адкуль у лякарню патрапіў Віктар Бабарыка, дзе катавалі блогера Ігара Лосіка, 1 чэрвеня прыязджала праверка - чацвёра прадстаўнікоў Віцебскай абласной грамадскай назіральнай камісіі пры галоўнай управеюстыцыі аблвыканкама. Рэвізораў, якія трапілі ў папраўчую ўстанову на дзень, варункі там задаволілі, піша праваабарончы цэнтр "Вясна".
Камісія ў калоніі мела спраўдзіць бытавыя варункі асуджаных, у тым ліку як іх кормяць і даюць медычную дапамогу, а таксама паглядзець, як уладкаваныя іхнія праца, вольны час, выконваюцца правы на веравызнанне.
Камісію ўзначальваў Уладзімір Каташук, пасля агляду калоніі ён заявіў, што, на думку камісіі, ва ўстанове створаныя неабходныя варункі для ўтрымання асуджаных ды іхняга выпраўлення. Парушэнняў правоў і законных інтарэсаў асуджаных камісія не знайшла.
Камісія разважыла, што жылыя блокі баракаў, дзе жывуць ад чатырох да 12 асуджаных, адпавядаюць санітарна-гігіенічным нормам. Харчовы блок у правяральнікаў таксама пытанняў не выклікаў: памяшканні цэхаў (хлебны, варачны, дыетычных страў і мыйны) назвалі чыстымі, са штодзённай санітарнай апрацоўкай.
Таксама паведамляецца, што ў калоніі ў медычна-санітарнай частцы працуюць стаматалагічны, фізіятэрапеўтычны і рэнтгеналагічны кабінеты. Ёсць ізалятар на 30 ложкаў. Да лекараў-спецыялістаў асуджаных возяць у Наваполацкую гарадскую лякарню.
Кіраўніцтва калоніі заявіла членам камісіі, што зняволеныя могуць нават вучыцца і атрымаць кваліфікацыю пажарнага, мантажніка і зваршчыка або прайсці курс ад Полацкага дзяржаўнага агратэхнічнага каледжа.