Экс-дэпутат Дзярждумы: РФ раздзяруць падчас мафіёзнай вайны пасля паражэння ва Украіне
5- 5.06.2023, 16:15
- 11,016
Такі варыянт падзей выгадны Прыгожыну.
Краіну-агрэсарку Расею пасля паражэння ў вайне супраць Украіны чакае смута і ўзнікненне мафіёзнай вайны, у выніку чаго РФ проста распадзецца. Уладальнік прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнера» Яўген Прыгожын разумее імавернасць такога сцэнару, але не баіцца гэтага, бо такі варыянт падзей яму выгадны.
Прыгожын возьме ўдзел у раздзеле тэрыторый і ўласнасці пасля распаду Расеі. Такі сцэнар падзеяў спрагназаваў расейскі апазіцыянер, журналіст і сацыёлаг Ігар Якавенка ў інтэрв'ю «Главреду».
«Думаю, Прыгожын разумее, што Расея саступіць у вайне, якую яна і пачала, а паводле вынікаў баявых дзеянняў Маскву чакае цяжкая параза і смута. Прыгожына гэта задавальняе - смута прывядзе да мафіёзнай вайны, у рамках якой пачнецца раздзел тэрыторый і ўласнасці», - адзначае Якавенка.
Расейскі апазіцыянер адзначае, што цяпер Прыгожын узяў паўзу на два месяцы і выводзіць ПВК «Вагнера» з поля бою, бо разумее, што ўкраінскі наступ цалкам знішчыць яго групоўку.
«Пры гэтым Прыгожын разлічвае захаваць сілы да моманту, калі яны яму спатрэбяцца для выкарыстання або ў Афрыцы, або ў Расеі. Прыгожын будзе ўдзельнічаць у раздзеле тэрыторыі і ўласнасці Расеі, калі там пачнецца смута», - сказаў Якавенка.
Таксама расейскі апазіцыянер падкрэсліў, што канфлікт Прыгожына і Мінабароны РФ разгарэўся праз грошы, бо менавіта яны для верхавода ПВК «Вагнера» з'яўляюцца найважнейшымі.
«Гаворка ідзе аб дыскрэдытацыі Мінабароны, якая абумоўленая звядзеннем асабістых рахункаў Прыгожына з кіраўніцтвам ведамства - міністрам Шайгу і кіраўніком Генштаба Герасімавым. Канфлікт паміж імі ўзнік праз грошы - дзейнасць Прыгожына накіраваная перш за ўсё на іх атрыманне. Вайна ў яго на другім месцы, палітыка - на трэцім», - растлумачыў ён.
Так, удзел у вайне супраць Украіны дазволіў Прыгожыну атрымаць вялікія грошы, кажа Якавенка.
«Кантракты з Мінабароны РФ дазволілі Прыгожыну атрымаць 5 мільярдаў рублёў і частку грашовых сродкаў з 10 мільярдаў, якія былі выдаткаваныя на стварэнне чароўных магічных пірамідак, устаноўленых у Белгародскай вобласці. Байцы расейскага добраахвотніцкага корпуса акуратна абышлі такія пірамідкі і зайшлі ў рэгіён. Прыгожын зацікаўлены ў грошах. Канфлікт з губернатарам Санкт-Пецярбурга Бягловым быў прадыктаваны супрацьстаяннем за кантроль над гарадскім бюджэтам, а канфрантацыя з Шайгу абумоўленая барацьбой за бюджэт Мінабароны», - распавёў Якавенка.