Лукашэнка: Беларусь не хоча захопліваць Калінінградскую вобласць
45- 5.06.2023, 18:33
- 24,940
Пры гэтым дыктатар назваў Калінінградскую вобласць Расеі «сваёй».
Аляксандр Лукашэнка заявіў аб тым, што Беларусь не мае намеру захопліваць Калінінградскую вобласць РФ.
Прынамсі, падчас сустрэчы з калінінградскім губернатарам Антонам Аліханавым Лукашэнка згадаў аб тым, што палова беларускага ўрада кажа аб тым, наколькі Беларусі блізкая Калінінградская вобласць. А таксама аб тым, наколькі беларускія ўлады зацікаўленыя ў развіцці супрацоўніцтва паміж рэспублікай і гэтым расейскім рэгіёнам.
Таксама Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь і Калінінградскую вобласць звязваюць старажытныя і трывалыя дачыненні ва ўсіх сферах. У тым ліку, эканамічнай, культурнай, навуковай, адукацыйнай, у сферы транзіту, а таксама роднасныя сувязі паміж жыхарамі.
Акрамя таго, у якасці прыкладу Лукашэнка нагадаў аб тым, што Беларусь у Савецкім Саюзе адказвала за Калінінградскую вобласць.
- Ніхто ніколі не падзяляў Беларусь і Калінінградскую вобласць. Гэта, мусіць, натуральна, - заўважыў ён.
І тут жа ён растлумачыў, што зыходзячы з усяго гэта, ён і сам называў Калінінградскую вобласць «сваёй». Хаця падкрэсліў, што Беларусь ніколі не мела намеру завалодаць гэтым рэгіёнам.
- Я яе заўсёды называў «сваёй». Але баяўся, каб расейцы не падумалі, што мы прэтэндуем захапіць Калінінградскую вобласць. Хаця гэта, напэўна, было б не горш, калі б Калінінградская вобласць была бліжэй да Беларусі, - заявіў ён.
І дадаў, паказваючы на расейскага амбасадара Барыса Грызлова, маўляў, дыпламат не чуў гэтых разваг.