3 траўня 2024, Пятніца, 10:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У выніку засухі ў траўні і пачатку чэрвеня Беларусь недаатрымае ўраджай

4
У выніку засухі ў траўні і пачатку чэрвеня Беларусь недаатрымае ўраджай

Гэты травень стаў самым засушлівым з 1945 года.

У траўні гэтага года, паводле звестак Белгідрамета, у сярэднім у Беларусі выпала 11,9 мм ападкаў. Гэта толькі 19% ад кліматычнай нормы, мінулы месяц стаў самым засушлівым з 1945 года. Пачатак чэрвеня таксама не прынёс дажджу. У выніку эксперты прагназуюць, што калі прадоўжыцца засуха, Беларусь недаатрымае значную колькасць ураджаю. Мікалай Лысенкаў, эксперт у сельскай гаспадарцы, у размове з «Белсатам» расказаў пра наступствы засухі для Беларусі.

Гэты травень стаў самым засушлівым з 1945 года. За месяц выпала ў сярэднім у краіне 11,9 мм ападкаў, што складае 19% ад кліматычнай нормы. Першая дэкада чэрвеня таксама была амаль без дажджу. У выніку зямля недаатрымала ападкаў, і гэта негатыўна адаб'ецца на нашым ураджаі, гаворыць Мікалай Лысенкаў:

«Найперш нястача вады закране яравыя культуры, якія пасеялі ў красавіку і якія ў траўні і чэрвені павінны развівацца. Іншыя культуры пазней развіваюцца, у ліпені, у пачатку жніўня. Пацерпяць абганяльныя культуры, тая самая кукуруза, цукровыя буракі. Гэтыя культуры мы страцім і страты ўраджаю могуць быць вельмі значнымі. Калі ж цяпер пройдуць дажджы, то сітуацыя выправіцца, але страты ўсё роўна будуць, паколькі ўжо амаль паўтара месяца без дажджу і многія расліны месцамі высахлі і беззваротна страчаныя».

Прычым, як гаворыць эксперт, засуха адаб'ецца не толькі на раслінаводстве, але таксама і на жывёлагадоўлі. Трава на полі практычна выпаленая. Гаспадаркі амаль закончылі першы ўкос травы, а вось другога ўкосу можа і не быць. Адпаведна, кажа Мікалай Лысенкаў, на зіму будзе менш нарыхтавана кармоў.

Паводле словаў эксперта, страты ў сельскай гаспадарцы праз засуху можна мінімізаваць, але гэта нятанна. Эксперт кажа, што некаторыя ўгнаенні дазваляюць вільгаць з паветра прыцягнуць да глебы, але ў нашай краіне субсідаванне сельскай гаспадаркі, у параўнанні з суседнімі краінамі, мінімальнае.

«Большасць сельгаспрадпрыемстваў у нашай краіне – жабрацкія прадпрыемствы. У суседніх краінах фермеры маюць сродкі, нават калі дзяржава ім не дапаможа, яны могуць дастаць свае ашчаджэнні і выратаваць ураджай. У Беларусі складана з гэтым, стабілізацыйных фондаў няма. Прыватнікі, якія маюць грошы, наўрад ці будуць даставаць свае сродкі, каб выратаваць ураджай. Увосень чыноўнікі запатрабуюць, каб кошты сельгаспрадукцыі не раслі, будуць кантраляваць гэта. Таму выгады для прыватнікаў няма», – адзначае Мікалай Лысенкаў.

Каб выратаваць ураджай, на думку эксперта, яшчэ два месяцы таму трэба было ўносіць угнаенні і падтрымліваць вільгаць. Цяпер ужо позна. Некаторыя палі проста высахлі. СМІ паведамляюць, што ў некаторых рэгіёнах гаспадаркі пачалі проста пераворваць палі, на якіх высахлі збожжавыя культуры. Эксперт кажа, што гэта нармальная практыка, паколькі на гэтым месцы пасадзяць нейкую аднагадовую расліну, якую выкарыстоўваюць на корм жывёлам.

Мікалай Лысенкаў прагназуе, што ўжо сёлета нават пры ўмове таго, што пойдуць дажджы і будзе цёплае надвор'е, мы не атрымае ўраджаю ў такім памеры, як летась.

Наступствы засухі для жывёлагадоўлі

Эксперт падкрэслівае, што больш за палову сабранага ўраджаю ў Беларусі выкарыстоўваецца на корм жывёлам. Калі ж будзе нястача кармоў, давядзецца або набываць збожжа, або скарачаць пагалоўе. Беларускія прадпрыемствы за свой кошт наўрад ці здолеюць арганізаваць імпарт збожжа. Тым больш што збожжа цяпер ва ўсім свеце каштуе даволі дорага, кошты растуць.

«Я думаю, што наўрад ці з бюджэту вылучаць на гэтыя мэты грошы. Чыноўнікі хутчэй яшчэ адзін комплекс С-400 набудуць, чым вылучаць грошы, скажам умоўна, для фермера, каб кампенсаваць выдаткі для жывёлагадоўлі», – кажа Мікалай Лысенкаў.

Таму варта чакаць, што не будзе вырашчана ў той самай колькасці мяса, напрыклад. Таксама трэба ўзяць да ўвагі, што асноўная частка прадукцыі жывёлагадоўлі ідзе на экспарт. Калі ўрад не будзе старацца атрымаць з сельскай гаспадаркі валютную выручку і калі дазволяць пакінуць прадукцыю на ўнутраны рынак, то спажыўцы ў крамах амаль не заўважаць, што ўзніклі цяжкасці. Так, мы павінны разумець, што засуха была, кошты вырастуць. Пры тых жа выдатках мы выгадавалі ў два разы менш збожжа. Адпаведна кошт павінен быць у два разы вышэйшы. Але для ўраду такія кошты палітычна невыгодныя. Таму будуць стрымліваць рост коштаў», – прагназуе эксперт.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках