Сёння памёр палітвязень, вядомы беларускі мастак Алесь Пушкін
204- 11.07.2023, 15:40
- 69,236
(Абноўлена) На руках рэжыму Лукашэнкі яшчэ адна смерць.
У рэанімацыі памёр палітвязень мастак Алесь Пушкін. Пра гэта паведаміла ягоная жонка Яніна Дэмух.
«Сёння ўначы ў рэанімацыі пры нявысветленых абставінах памёр Алесь Пушкін», - напісала яна на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку».
Алесь Пушкін быў арыштаваны ў 2021 годзе, калі вяртаўся з Украіны ў Беларусь на сваю выставу. Беларускі мастак атрымаў 5 год калоніі строгага рэжыму за серыю партрэтаў удзельнікаў беларускага антысавецкага супраціву.
Алесь Пушкін атрымаў 5 год калоніі строгага рэжыму за серыю партрэтаў удзельнікаў беларускага антысавецкага супраціву.
На адным з пасяджэнняў суда Алесь у знак пратэсту парэзаў сабе жывот.
Апошнім часам беларускі мастак адбываў пакаранне ў Гарадзенскай турме.
Адзначым, што гэта не першая смерць, да якой мае дачыненне рэжым Лукашэнкі. 12 лістапада 2020 года ў двары свайго дома лукашыстамі быў да смерці збіты мянчук Раман Бандарэнка. 21 траўня 2021 года ў Шклоўскай калоніі памёр палітвязень Вітольд Ашурак.
5 студзеня 2022 года ў Магілёве скончыў жыццё самагубствам палітвязень Зміцер Дудойць.
Гэта тыя смерці, пра якія вядома СМІ. Насамрэч іх можа быць нашмат больш.
Чым вядомы Алесь Пушкін
Беларускі мастак быў вядомы сваімі перформансамі. 25 сакавіка 1989 г. мастак прайшоў па праспекце Незалежнасці. На спіне і на грудзях у яго віселі плакаты з напамінам аб БНР, абвешчанай у гэты дзень роўна 71 год таму, а амаль сотня аднадумцаў Пушкіна ішла за ім з папяровым буслам і 71 белым балонікам у руках.
Свой самы вядомы перформанс - «Гной для прэзідэнта» - Алесь Пушкін правёў у ліпені 1999 года, на пяцігоддзе праўлення Аляксандра Лукашэнкі. У сваёй дапаможнай гаспадарцы ў Бабры мастак нагрузіў гноем старую тачку, паклаў зверху плакат «Аляксандр Лукашэнка з народам», таблічку «За пяцігадовую працу», тысячу дэнамінаваных рублёў, кайданкі і канстытуцыю з папраўкамі 1996 года, якія пашыралі паўнамоцтвы прэзідэнта. Накрыўшы тачку цэлафанам, ён адправіўся ў цэнтр Менска на мікрааўтобусе. Кіроўцу мастак сказаў, што вязе дэкарацыі ў тэатр Янкі Купалы, які знаходзіцца па суседстве з адміністрацыяй Лукашэнкі.
Калі ён падкаціў тачку да галоўнага ўваходу ў адміністрацыю, з будынку выбег міліцыянт: «Што вы робіце?!». Тады мастак перакуліў тачку на маставую, паклаў зверху партрэт Лукашэнкі і праткнуў яго віламі.
Алесь Пушкін са студэнцкіх часоў удзельнічаў у рэстаўрацыі гістарычных будынкаў і распісваў цэрквы. Самай вядомай яго працай стаў роспіс новай царквы святога Мікалая Цудатворца ў Бабры. Мастак працаваў над ёй у 1996-1997 гадах; Пушкін пісаў, што гэта яго «самы значны, манументальны роспіс у жыцці». На фрэсцы «Страшны суд» Пушкін адлюстраваў сярод грэшнікаў Аляксандра Лукашэнку і мітрапаліта Філарэта ў асяроддзі амапаўцаў.