Балгарыя плануе перадаць Украіне блізу 100 бронетранспарцёраў
1- 13.07.2023, 21:45
- 6,768
Сафія шмат плаціць за захоўванне і абслугоўванне гэтай тэхнікі.
Балгарыя можа даць Украіне блізу 100 бронетранспарцёраў са складоў Міністэрства ўнутраных справаў, паведаміў дэпутат з партыі Дэмакратычная Балгарыя Івайл Мірчаў.
Пра гэта паведамляе Euronews Bulgaria.
Мірчаў паведаміў, гэтыя бронетранспарцёры былі зробленыя ў 1960-я і 1970-я гады і «фактычна яны больш не патрэбныя» Балгарыі. Іх набылі тагачасныя ўнутраныя войскі Балгарыі, але сёння не выкарыстоўваюць.
Ён дадаў, што Балгарыя шмат плаціць за захоўванне і абслугоўванне гэтай тэхнікі.
«У рэалізацыі гэтай ініцыятывы ўдзельнічаюць прэм'ер-міністр Мікалай Дзянкоў, міністры ўнутраных справаў і абароны, старшыня парламенцкага камітэта ў абароне Хрыста Гаджаў, лідар партыі “Грамадзяне за еўрапейскае развіццё Балгарыі” Бойка Барысаў», – сказаў дэпутат.
Першапачаткова Балгарыя не далучылася да кааліцыі краінаў ЕЗ, якія прынялі план у вылучэнні мільёна 155 мм артылерыйскіх боепрыпасаў Украіне.
Аднак новы прэм'ер Балгарыі заявіў, што будзе дапамагаць: міністр абароны Тодар Тагараў заявіў, што Сафія не супраць далучыцца да ініцыятывы, а 26 чэрвеня ў Балгарыі ўзгаднілі новы пакет ваеннай дапамогі. У той самы час прэзідэнт Румэн Радзеў не падтрымлівае пастаўкі боепрыпасаў.