У затрыманага мільянера Белага пачаліся праблемы пасля сыходу з каманды Лукашэнкі
13- 21.07.2023, 20:57
- 19,256
Што вядома.
На днях стала вядома пра затрыманне Паўла Белага – гульца каманды Лукашэнкі і ўладальніка буйнога забудоўніка «Тапас», якога таксама звязваюць з ягоным прозвішчам. Як апавяла крыніца «Люстэрка», у мільянера мог адбыцца разлад у стасунках з палітыкам, пасля чаго ў бізнэсе пачаліся праблемы.
«Белы ўжо вельмі даўно не гуляе ў хакей, і як толькі гэта спынілася, пачаліся праблемы. Гэта шмат кажа пра бізнэс»
Раней паведамлялася, што затрыманне Белага звязанае з прэтэнзіяй фінансавых органаў. Крыніца «Люстэрка» ў будаўнічых колах расказала, што апошнія гады ў «Тапаса», якім валодае бізнэсмэн, справы ішлі не вельмі добра – кампанія спраўлялася з «велізарным фінансавым крызісам». Суразмоўца звязвае гэта з сыходам Белага з каманды Лукашэнкі, што, паводле ягоных словаў, адбылося як мінімум два гады таму.
Калі менавіта бізнэсмэн перастаў выходзіць на лёд разам з палітыкам, дакладна невядома. Але, напрыклад, у заяўцы на 14-я рэспубліканскія спаборніцтвы сярод аматарскіх камандаў на прызы Прэзідэнцкага спартовага клуба ў сезоне 2020–2021 ягонага прозвішча ўжо не было. Таксама яго няма ў складзе, які амаль чатыры месяцы таму замацавалі на старонцы каманды Лукашэнкі ў інстаграм, як і на фота з гульняў апошніх гадоў, што публікуе старонка.
– Белы ўжо вельмі даўно не гуляе ў хакей, і як толькі гэта спынілася, пачаліся праблемы. Гэта шмат гаворыць пра ягоны бізнэс. Існавалі яны (група кампанія «Тапас». – Заўвага рэд.) у апошні час на крэдытах, самі свае аб'екты скончыць не маглі і бралі іншых інвестараў. Вы пісалі пра дом на Дзяржынскага, надзел пад які набыў «Тапас», – там бяда, нават калі яго пабудаваць і прадаць, прыбытку будзе мала. А яшчэ рэстаран на беразе «Лебядзінага» (гаворка пра заказнік «Лебядзіны». – Заўвага рэд.), які пабудавалі за свае і падарылі... (Рэстаран пабудаваў «Тапас» у 2019-м, але пазней ён быў зарэгістраваны на прадпрыемства, заснавальнік якога – Нацыянальны алімпійскі камітэт. Карацей, іх крах быў толькі пытаннем часу. Ну і, мяркуючы з арышту, ён наступіў.
Паводле словаў суразмоўцы, некалькі гадоў таму кампаніі «падарылі» тэрыторыю былога завода імя Арджанікідзэ недалёка ад Камароўкі. Інфармацыя пра продаж «Тапаса» і яшчэ дзвюх прыватных кампаній у 2017 годзе з'яўлялася на сайце Менгарвыканкама, але пазней публікацыя была выдаленая – засталася толькі яе захаваная копія. Ён адзначае, што гэта было б выдатнае месца для развіцця бізнэсу найбуйнейшага менскага забудоўніка, але яно патрабуе «каласальных інвестыцый».
– Быццам бы далі завод пад рэканструкцыю – яны там рабілі нешта кшталту «Пясочніцы», вуліцу з ежай, пабудавалі паркінг і нешта спрабавалі зрабіць са шматпавярховым цэхам, вокны мянялі. Хутчэй за ўсё, «Тапасу» завод далі паводле інвестдамовы за капейкі, штосьці атрымалі ўзамен. Але праблема ў тым, што ўкладанні ў рэканструкцыю там вялізныя, акупяцца гадоў праз дзесяць у найлепшым выпадку. Далі б надзелы пад жыллё – там акупнасць гады тры-чатыры. З гэтай пляцоўкай атрымалася, што, здаецца, і падарунак, але ён на дно і пацягнуў. Можа, у «Тапасе» яшчэ нейкія праблемы былі – разадзьмутыя штаты, напрыклад.
«Павел Аляксандравіч не на месцы. Ён, ну, у іншым кабінеце»
Журналістка «Люстэрка» 20 ліпеня патэлефанавала ў групу кампаній «Тапас» як фізічная асоба. У прыёмнай супрацоўнік, які падняў трубку, не адразу адказаў на пытанне, ці на месцы Павел Белы:
– (Паўза) Павел Аляксандравіч не на месцы. Ён (паўза), ну, у іншым кабінеце – вы тэлефануеце цяпер у групу кампаній «Тапас». Давайце ваш нумар тэлефона – ператэлефануе ягоны прэс-сакратар або ягоны сакратар, – адказаў хлопец. Ён не стаў злучаць з кіраўніцтвам і адказваць на іншыя пытанні і паклаў слухаўку.
Больш ні 20 ліпеня, ні 21-га датэлефанавацца ў кампанію не атрымалася – на званкі цягам дня ніхто не адказвае.
Нагадаем, «Наша Ніва» 19 ліпеня са спасылкай на крыніцы паведаміла, што Паўла Белага затрымалі ў Менску нібыта за тое, што ён не пагадзіўся з памерам выстаўленага адной з ягоных кампаній падатковага штрафу і адмовіўся плаціць дзяржаве налічанае. Як мяркуецца, мільянера ўтрымліваюць у СІЗА КДБ.
Павел Белы гуляў у камандзе Аляксандра Лукашэнкі. У нейкі час быў найлепшым бамбардзірам і найлепшым галявым асістэнтам Лукашэнкі. Таксама Белы – адзін з асноўных забудоўнікаў Менска. Яму належыць мноства нерухомай маёмасці ў розных раёнах сталіцы, пераважна ў цэнтры і вакол Драздоў, дзе знаходзіцца адна з рэзідэнцый Лукашэнкі і катэджавыя кварталы для чыноўнікаў.